Расейскі рубель рэзка ўпаў на ўсіх рынках
12- 11.12.2024, 19:08
- 34,464
Падзенне адбылося пасля навінаў пра новыя санкцыі ЗША.
Пасля двух тыдняў спакою і ўмацавання курс расейскага рубля зноў пакаціўся пад адхон.
У сераду даляр на рынку форэкс падскочыў амаль на 7 рублёў і дасягаў на піку 108,72 рубля – максімальнага значэння з 2 снежня. Курс еўра ўзляцеў на 5,5 рублі, да 114 рублёў. А юань на Маскоўскай біржы дадаў больш за 2% і прабіў адзнаку 14 рублёў упершыню з канца мінулага тыдня: угоды з разлікам «заўтра» заключаліся на 14,06 рубля за юань.
Новае падзенне рубля, верагодна, звязанае з патэнцыйнымі санкцыямі ЗША, зазначае інвестбанкір Яўген Коган. Паводле звестак Bloomberg, адміністрацыя Джо Байдэна разглядае магчымасць узмацнення жорсткасці абмежаванняў на расейскі нафтавы экспарт да іранскага ўзроўню.
Захады, якіх перш за асцерагаліся ў Белым доме, цяпер сталі больш верагоднымі, паколькі дэфіцыту нафты ў свеце няма, наадварот – яна ў лішку, растлумачылі крыніцы Bloomberg.
Крыніца Reuters у буйным расейскім банку называе іншую магчымую прычыну слабасці рубля. На рынку ўзнік попыт на валюту, які можа быць звязаны «з сыходам з Расеі замежнай кампаніі», тлумачыць ён. Хто менавіта сышоў, пакуль незразумела, прызнае крыніца: «Імя ўсплыве ўжо задняй датай, пасля закрыцця ўгоды з новым уладальнікам».
У канцы лістапада рубель упаў да мінімумаў з сакавіка 2022 года – вышэй за 114 рублёў за даляр, больш за 120 – за еўра і 15,2 рубля за юань. У першы тыдзень снежня рублю ўдалося вярнуць амаль усе страты, але відавочна, што «арэлі» на валютным рынку яшчэ не спыніліся, адзначае Ягор Сусін, кіраўнічы дырэктар ГПБ Private Banking: рынку не стае ліквіднасці, ператоку валюты з краіны за мяжу абмежаваныя, і таму нават невялікія змены балансу попыту і прапановы здольныя спараджаць значныя скокі курсу.
Вагароў, каб рэгуляваць курс рубля, ва ўладаў усё менш, адзначае галоўны аналітык ІЧ «Івалга Капітал» Марк Савічэнка: «Самы зразумелы, узнятая ключавая стаўка, відавочна, эфектыўнасць у адносінах да курсу рубля страціла. Затое рызыкаў усё больш».
Перад пачаткам вайны даляр каштаваў 70–80 рублёў, а юань 11–12 рублёў, то-бок амаль на 30% танней. Скокі курсаў – хутчэй пацвярджаюць сілу трэнду на паслабленне рубля, мяркуе Савічэнка: «За тры апошнія гады айчынныя эканоміка і фінансы змяніліся сістэмна. У бок дэградацыі».