Беларуская кухня трапіла ў сотню найлепшых у свеце
8- 12.12.2024, 16:33
- 5,110
Якія стравы ўключылі ў "абавязковы" спіс.
Даведнік нацыянальных страў краін свету TasteAtlas абнавіў свой штогадовы рэйтынг найлепшых нацыянальных кухняў. "Тэлеграф" паглядзеў, на якім месцы апынулася Беларусь і якія традыцыйныя стравы карыстальнікі партала рэкамендавалі ўсім абавязкова пакаштаваць у Беларусі.
TasteAtlas - гэта экспэрыментальны онлайн-даведнік аб нацыянальных стравах краін свету, які злучыў у сабе элементы такіх папулярных сэрвісаў, як гід Michelin або Tripadvisor.
На платформе, запушчанай у 2015 годзе харвацкім журналістам і прадпрымальнікам Матыяй Бабічам, сабраны сапраўдныя рэцэпты нацыянальных страў, агляды і даследаванні прадуктаў харчавання, ацэнкі крытыкаў і водгукі наведвальнікаў рэстарацый у розных кутках свету. З прыблізных ацэнак, на партале ўжо сабрана інфармацыя пра10 тысяч страў, напояў і інгрэдыентаў, а таксама пра 9 тысяч устаноў.
У гэтым годзе Беларусь, у параўнанні з мінулым, апусцілася на чатыры пазіцыі і апынулася на 75 месцы. Пры гэтым ацэнку нацыянальнай кухні нашай краіны складальнікі рэйтынгу, наадварот, узнялі - з 3,99 да 4 балаў з пяці магчымых.
Якія стравы "абавязковыя" для тых, хто прыязджае ў Беларусь?
У спісе “абраных” складальнікамі рэйтынгу кавярняў і рэстарацый традыцыйнай беларускай кухні апынуліся тры сталічныя ўстановы, а сярод найлепшых прадуктаў і вытворцаў апынулася беларуская гарэлка.
Што ж да самой ежы, то топ-3 самых папулярных беларускіх напояў патрапілі крамбамбуля, старка і квас, а ў топ-10 беларускіх страў, якія абавязкова рэкамендуюць пакаштаваць турыстам, якія прыязджаюць у краіну ўпершыню, складальнікі рэйтынгу ўключылі наступныя:
• жур,
• дранікі,
• халадзільнік,
• сырнікі,
• мачанка,
• верашчака,
• лазанкі,
• пячыста,
• паліўка,
- банкуха.
А вось першае месца сёлета дасталася Грэцыі, якая скарыла сэрцы карыстальнікаў “кулінарнага атласа” фісташкамі, фінікамі і аліўкавым алеем. На другім месцы - Італія з яе піцай, пармезанам і джандуяй, на трэцім - Мексіка з кесабірыяй і вострай таматавай сальсай.