Беларуска і беларус здзівілі ўсіх на турніры ў покеры на Багамах
4- 13.12.2024, 9:38
- 5,712
Фіналісты турніру былі яшчэ і парай.
Аліна Палягошка і Андрэй Петрушчанка занялі другое і трэцяе месцы ў турніры ў покеры $2,500 Mini Main Event у рамках прэстыжнай серыі 2024 WSOP Paradise, якая праходзіць цяпер на Багамах, піша Belmir.by.
У турніры, які доўжыўся тры дні, было зарэгістравана 2031 уваход, кожны з якіх прынёс у агульную «скарбонку» 2500 даляраў. Выніковы прызавы фонд склаў 5 077 500 даляраў.
Нейкім дзіўным збегам абставін, калі за фінальным сталом засталося трое гульцоў, двума з іх былі беларуска і беларус, прычым яны яшчэ і з'яўляюцца парай.
Андрэй Петрушчанка на той момант меў сур'ёзную перавагу ў фішках, але ўсяго за дзве раздачы страціў яе і заняў трэцяе месца, аддаўшы ўвесь "ашчадак" Джэфры Хакіму з ЗША.
А праз некалькі картачных раздач амерыканец атрымаў верх і над пакінутай з ім сам-насам Алінай Палягошка.
Другое і трэцяе месцы ў турніры прынеслі беларусцы і беларусу 445 400 даляраў і 344 000 даляраў адпаведна. Пераможца ж атрымаў 575 050 долараў і бранзалет WSOP.