Прэзентаваны самы вялікі электрычны Porsche
4- 13.12.2024, 11:30
- 3,748
Ён большы за восем метраў у даўжыню.
Электрычныя Porsche - гэта не толькі аўтамабілі, але і судны. Нямецкі аўтавытворца паказаў абноўлены хуткасны катар 850 Phantom. Як піша «Фокус», пра гэта паведамляецца на ягоным афіцыйным сайце.
Як і папярэдняя мадэль, катар Porsche створаны ў супрацоўніцтве з аўстрыйскай суднабудаўнічай кампаніяй Frauscher. Ён дасягае 8,67 м у даўжыню і 2,49 м у шырыню і адрозніваецца абцякальным дызайнам.
Frauscher x Porsche 850 Fantom (менавіта такая поўная назва катара) разлічаны на 9 чалавек. У яго салоне адчуваецца ўплыў аўтамабіляў Porsche. У іх запазычылі стырно, а сядзенні і лічбавы шчыток прыбораў выкананы ў падобным стылі. У аздабленні выкарыстоўвалі скуру і дрэва.
Акрамя таго, катар Porsche 850 Fantom атрымаў 12-цалевы цэнтральны тачскрын і асобны экран для пасажыра. Таксама ўсталявалі дыёднае падсвятленне і магутную акустычную сістэму з Bluetooth.
Донарам сілавой усталёўкі стаў электрамабіль Porsche Macan. Два маторы сумарна развіваюць 544 л. с., а ёмістасць батарэі складае 100 квтч.
Катар здольны разагнацца да 90 км/г, а на хуткасці 40 км/г запас ходу складае 45 км. Калі перасоўвацца павольней, то ён узрасце да 100 км. Батарэю можна зараджаць сталым токам магутнасцю да 270 квт.
Новы Frauscher x Porsche 850 Fantom пакажуць у студзені на выставе ў Дзюсельдорфе. Вырабяць усяго 25 такіх катараў коштам 572934 еўраў.