У Баранавічах увайшлі ў абарачэнне «цублі» і «дублі»
8- 14.12.2024, 12:17
- 9,016
Як адрозніць падробку?
У Баранавічах і яго раёне па-ранейшаму фіксуюцца выпадкі выкарыстання сувенірных грашовых знакаў, якія знешне нагадваюць беларускія рублі. Толькі за лістапад зарэгістравалі два новыя інцыдэнты з «цублямі» і «дублямі», піша «Анлайнер».
З пачатку 2024 года ў Баранавічах выяўлена больш за 20 падобных выпадкаў, а ў раёне – яшчэ чатыры. Пік актыўнасці прыпаў на лета. Тады, з ініцыятывы МУС, продаж сувенірных банкнотаў, якія імітуюць рэальныя грошы, быў прыпынены. Аднак поўнасцю выключыць такія купюры з абароту пакуль не ўдалося.
Сувенірныя грошы ў асноўным імітуюць купюры наміналам 5 і 200 рублёў. За межамі Баранавічаў праблема таксама актуальная: з пачатку года ў Беларусі зарэгістраваны 331 выпадак збыту такіх падробак, у той час як за ўвесь 2023 год іх было толькі 14.
Як адрозніць падробку
На першы погляд сувенірныя грошы падобныя да сапраўдных, але іх лёгка распазнаць. На фальшыўках пазначаны надпісы:
дублёў;
цублёў;
Souvenir money of Belarus;
Квіток банка прыколаў;
Не з'яўляецца плацежным сродкам.
Закон абавязвае касіраў правяраць грошы на сапраўднасць як пры прыёме, так і пры здачы выручкі. Невыкананне гэтых патрабаванняў караецца штрафам да 3 базавых велічыняў.