Беларус хацеў зрабіць візу праз Instagram, але нешта пайшло не так
- 16.12.2024, 15:05
- 2,838
Жыхар Гародні збіраўся за мяжу на заробкі.
22-гадовы жыхар Гародні збіраўся зрабіць візу і паехаць за мяжу на заробкі, аднак ідэя беларуса поспеху не мела. Ён застаўся не толькі без візы, але і без грошай, паведамляе тэлеграм-канал «102. Нёман».
Каб развязаць сваё пытанне, хлопец напісаў на інстаграм-старонцы візавага агенцтва Infoviza (назва можа супадаць з рэальнай кампаніяй, якая выконвае візавую падтрымку), і яму прапанавалі перанесці ўсю камунікацыю ў мэсанджар Telegram, дзе кансультант павінен быў падзяліцца дэталямі афармлення, коштам і тэрмінамі адкрыцця.
«У гарадзенца атрыманая інфармацыя не выклікала ніякіх асцярог, а станоўчыя водгукі яшчэ больш яго пераканалі. Прадстаўнік візавага цэнтра папрасіў заплаціць на названыя ім рэквізіты 1 780 беларускіх рублёў. Пасля папаўнення рахунку маладзён пачаў чакаць афармлення дакументаў. Але праз тыдзень беспаспяховага чакання хлопец зразумеў, што яго падманулі, і звярнуўся ў міліцыю», - піша «102. Нёман».
Гарадзенскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа паводле артыкула «Махлярства».