24 снежня 2024, aўторак, 20:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэтая думка не дае Лукашэнку спаць»

22
«Гэтая думка не дае Лукашэнку спаць»

Чаму дыктатар баіцца, што за ягонай спінай дамовяцца?

Лукашэнкаўскі МЗС заявіў, што хоча ўдзельнічаць у магчымых мірных перамовах пасля вайны ва Украіне. Украінскае МЗС жорстка адказала беларускаму рэжыму.

«Адзінае, на што маюць права прэтэндаваць беларускія службовыя асобы, - гэта справядлівае разбіральніцтва ў рамках працэсу прыцягнення агрэсара і яго памагатых да міжнародна-прававой адказнасці за агрэсію супраць Украіны», - дадаў прадстаўнік украінскага МЗС.

Чаму беларускі рэжым узняў гэтую тэму? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з кандыдатам філасофскіх навук, кіраўніком украінскага Цэнтра беларускіх камунікацый Максімам Плешкам:

- Лукашэнка рыхтуецца да гэтага пытання вельмі даўно. Усё не проста так. Ён і раней заяўляў, што «мы хацелі б быць на гэтых перамовах, каб пра нас без нас не гаварылі». На гэта накіраваная і ўнутраная палітыка. Я нагадаю, што выбары ў краіне прызначаныя на паўгода раней. Думаю, што гэта звязана з тым, што Лукашэнка хоча быць удзельнікам перамоў. Калі б «выбары» прайшлі паводле графіку, супалі з перамовамі, зменамі на фронце, Трампам і іншымі абставінамі - невядома, як бы яны яшчэ скончыліся.

Выходзіць, што Лукашэнка хоча, як ён думае, узмацніць свае пазіцыі, з іншага боку - паскараецца, каб пазбегнуць рызык. Бо памяць, думка аб пратэстах 2020 года не дае яму спакойна спаць. Цяпер жа гэтыя заявы зыходзяць з вуснаў лукашэнкаўскага МЗС. Відавочна, што гэта доўгая гульня, з якой звязаны і дзеянні ўнутры краіны.

- Украінскі МЗС жорстка адказаў, што галоўная небяспека для Беларусі - Расея, а замест перамоў рэжым чакае міжнароднае правасуддзе. Пра што гаворыць такая заява?

- Заява ўкраінскага боку - дакладная, адназначная і палітычна правільная. З юрыдычнага пункту гледжання Лукашэнка - агрэсар, які парушыў Канстытуцыю ўласнай краіны, якая забараняе выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападу на іншыя краіны. Лукашэнка - суагрэсар, ва ўкраінскім МЗС гэта падкрэслілі. Звярну ўвагу на цікавую фармулёўку. Там заявілі, што дыктатар можа разлічваць не на перамовы, а на справядлівы разгляд ягонай справы міжнародным правасуддзем. Там ён можа расказваць, што «ён не хацеў, а Вова павярнуў войскі праз Кіеў». Тут МЗС Украіны пакінуў для яго манеўр для «выкручвання», але толькі ў адзін бок. У цэлым заява вельмі жорсткая і вывераная. Лукашэнка павінен вызначыцца, ахвяра ён ці суагрэсар.

- Украінскі пасол у асаблівых даручэннях Ігар Кізім заявіў, што стасункі Кіева з Лукашэнкам у мінулым. Гэта кропка ў стасунках Кіева і афіцыйнага Мінска?

- Думаю, што страх часткі беларускага грамадства - дэмакратычнай апазіцыі, міграцыі, падполля - што «Украіна дамовіцца з Лукашэнкам», з'яўляецца псіхалагічным уздзеяннем з боку рэжыму. Дыктатар спрабуе паказаць свайму электарату, што ён - «гарант стабільнасці» а прыхільнікам перамен, што «нічога не зменіцца, я з усімі дамоўлюся, нікуды не тузайцеся». Падобныя тэзы ўкідваюцца рэжымам. Я неаднаразова чуў гэтыя пытанні з боку беларускіх СМІ. Думаю, што беларускі рэжым спрабуе скарыстаць страх. Паглядзіце на жорсткую заяву ўкраінскага МЗС. Гэта не заява, узятая з галавы. Відавочна, што яе рыхтаваў профільны дэпартамент, яго пазіцыя была ўзгодненая з міністрам замежных спраў, а ён - з прэзідэнтам. Ва Украіне менавіта прэзідэнт адказвае за міжнародную палітыку і абарону. Гэтая заява вызначае палітычную пазіцыю і паводзіны. Ці можа гэтая лінія змяніцца? Мы нічога не можа выключаць. Аднак на гэты момант палітычная лінія Украіны вызначана.

- Чаму Лукашэнка баіцца перамоў за сваёй спінай? Ці можа на магчымых перамовах стаць пытанне аб дэмілітарызацыі і вывадзе расейскіх войскаў з Беларусі?

- Расейскія войскі ў Беларусі - гэта патэнцыйная небяспека не толькі для Украіны, але і для краін Балтыі і Польшчы. Таму задача не толькі Кіева, але і іншых краін, каб іх не было на беларускай тэрыторыі. Відавочна, што Украіна можа ставіць так пытанне, бо гэта ўплывае на рэгіянальную бяспеку.

Другое, што можа турбаваць Украіну, - пранікненне расейскіх спецслужбаў у беларускія. Тут Украіна наўрад ці можа нешта патрабаваць, але Кіеў хвалюе, што беларускі ВПК завязаны на расейскі.

Відавочна, што да пытання дэмілітарызацыі і вываду расейскіх войскаў, я б дадаў пытанне дэмакратызацыі і транзіту, пытанне справядлівасці. Бо частка беларусаў вымушана была пакінуць краіну, шмат хто сядзіць у турмах. Справядлівасць павінна быць вернутая.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках