ФІФА назвала найлепшага футбаліста 2024 года
1- 17.12.2024, 21:25
- 5,982
Ім стаў гулец «Рэала».
Бразільскі нападнік мадрыдскага «Рэала» Вінісіус Жуніёр стаў лаўрэатам прэміі The FIFA Best найлепшаму футбалісту года.
Цырымонія ўручэння ўзнагародаў прайшла ў горадзе Доха.
У спісе прэтэндэнтаў было шэсць гульцоў, якія выступалі ў мінулым і цяперашнім сезонах за «Рэал»: Вінісіус, гішпанец Даніэль Карвахаль, уругваец Федэрыка Вальвердэ, ангелец Джуд Белінгем, француз Кіліян Мбаппе (у мінулым сезоне выступаў за французскі ПСЖу) і нарэшце Тоні Кроас.
Акрамя іх намінавалі гішпанца Родры, нарвежца Эрлінга Холанда (абодва – «Манчэстэр Сіці»), немца Фларыяна Вірца («Баер»), гішпанца Ламіна Ямаля («Барселона»), а таксама аргенцінца Ліянэля Мэсі («Інтэр Маямі»), які атрымаў дзве апошнія ўзнагароды (усяго – тры).
У мінулым сезоне Вінісіус перамог у Лізе чэмпіёнаў, дзе быў прызнаў найлепшым гульцом турніру, а таксама чэмпіянат Гішпаніі і Суперкубак краіны.
Уладальнікам «Залатога мяча» 2024 года, які ўручаецца часопісам France Football найлепшаму футбалісту, стаў Родры.
Прыз ФІФА найлепшаму галкіперу другі раз за апошнія тры гады атрымаў аргенцінец Эміліяна Марцінес з «Астан Вілы». Сярод намінантаў быў украінец Андрэй Лунін з мадрыдскага «Рэала». Трэнерам года прызналі італьянскага настаўніка «Рэала» Карла Анчалоці.
Сімвалічная каманда года выглядае наступным чынам:
брамнік – Эміліяна Марціне (Аргенціна, «Астан Віла»);
абаронцы – Даніэль Карвахаль (Гішпанія, «Рэал»), Антоніа Рудыгер (Нямеччына, «Рэал»), Рубен Дыяш (Партугалія, «Манчэстэр Сіці»), Вільям Саліба (Францыя, «Арсенал»);
паўабаронцы – Джуд Белінгем (Англія, «Рэал»), Родры (Гішпанія, «Манчэстэр Сіці»), Тоні Кроас (Нямеччына, «Рэал»);
нападнікі – Ламін Ямаль (Гішпанія, «Барселона»), Эрлінг Холанд (Нарвегія, «Манчэстэр Сіці»), Вінісіус Жуніёр (Бразілія, «Рэал»).