У суседняй з Беларуссю Латвіяй абвясцілі эпідэмію грыпу
2- 19.12.2024, 14:02
- 1,702
Выяўлены і ўсплёск ВРВІ.
Латвійскі Цэнтр прафілактыкі і кантролю захворванняў (SPKC) афіцыйна абвясціў аб пачатку эпідэміі грыпу ў краіне з 19 снежня 2024 года. На гэты крок ведамства пайшло пасля таго, як колькасць выпадкаў захворвання на грып на мінулым тыдні перасягнула эпідэмічны парог, паведамляе LSM.
Прааналізаваўшы звесткі маніторынгу наконт грыпу, Covid-19 і іншым вострых рэспіраторных вірусных інфекцый (ВРВІ) за мінулы тыдзень, латвійскі SPKC зафіксаваў "значны рост" колькасці выпадкаў захворвання на грып.
Так, у адной толькі сталічнай Рызе дзель станоўчых проб на грып вырасла амаль у 5 разоў - з 2,9% да 10,2%. Колькасць хворых на грып за два тыдні вырасла да 107,3 выпадку на 100 тысяч жыхароў пры ўстаноўленым эпідэмічным парозе на 100 выпадкаў на 100 тысяч жыхароў, што прымусіла ўлады абвясціць аб пачатку эпідэміі.
Гэта значыць, што цяпер візіты тэрапеўтаў і педыятраў да хворых на грып дадому могуць аплачвацца з дзяржаўнага бюджэту (пацыентам толькі трэба заплаціць фіксаваны дзяржаўны падатак за візіт сумай 2,85 еўра, гэта значыць крыху больш за 10 рублёў у эквіваленце).
Пры гэтым сярод дзяцей, паводле слоў латвійскіх спецыялістаў, зараз найбольш распаўсюджаны не грып, а сезонныя ВРВІ. На мінулым тыдні самае высокае захворванне зарэгістравана сярод дзяцей ва ўзроставай групе ад 0 да 4 гадоў.
Са звестак SPKC, хуткі рост актыўнасці віруса грыпу зафіксаваны і ў многіх іншых краінах Еўрапейскага звязу (ЕЗ) і Еўрапейскай эканамічнай зоны (ЕЭЗ).
Паводле іх звестак, інтэнсіўнасць грыпу ўсюды расце на працягу апошніх чатырох тыдняў, а сярэдняя дзель станоўчых тэстаў сярод першасных пацыентаў ЕЗ і ЕЭЗ складае 10%, што таксама паказвае на сезонны пачатак эпідэміі грыпу і за межамі Латвіі.