Гарадзенцы прасілі ўсталяваць мемарыяльную дошку ў гонар Васіля Быкава
14- 2.12.2024, 15:09
- 4,226
У гарвыканкаме заявілі, што на гэта няма грошай.
У сеціве з'явілася петыцыя да ўладаў Гародні з просьбай усталяваць памятную шыльду на доме, дзе жыў беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. Аднак у гарвыканкаме заявілі, што на гэта няма грошай, паведамляе Hrodno.life.
Аўтары петыцыі прапаноўвалі гарадскім уладам усталяваць мемарыяльную дошку на доме па вуліцы Вялікая Траецкая, 28, дзе жыў Васіль Быкаў.
Зварот на сайце e-petitions.by з'явіўся ў канцы кастрычніка, яго падпісалі 29 чалавек. У петыцыі адзначалася, што, дзякуючы мемарыяльнай шыльдзе, у горадзе з'явіцца важны культурны аб'ект. А яго адсутнасць перашкаджае належным чынам ушанаваць уклад Васіля Быкава ў беларускую і сусветную літаратуру.
Аднак праз месяц на петыцыю прыйшоў адмоўны адказ ад чыноўнікаў. У адказе гарвыканкама адзначаецца, што
«Каштарысныя паказчыкі горада Гародня не прадугледжваюць фінансаванне выдаткаў на стварэнне аб'ектаў манументальнага мастацтва ў горадзе, у тым ліку мемарыяльнай або памятнай шыльды ў памяць Васіля Быкава».
Таксама чыноўнікі адзначылі, што дадатковых фінансавых крыніц няма, таму прадугледзець сродкі на ўстаноўку шыльды «не магчыма».
Адказ на зварот гарадзенцаў падпісала намесніца кіраўніка Гародзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша. Яна раней адмовіла гараджанам ва ўстаноўцы помніка Васілю Быкаву. За яе подпісам таксама прыходзілі адказы аб зніклых з гарадскіх будынкаў таблічках, прысвечаных паўстанцам 1863 года і паўстанню Касцюшкі.