Менскі таксіст нажываўся на пасажырах за кошт таемнай «зніжкі»
7- 20.12.2024, 14:27
- 9,650
Цяпер давядзецца плаціць падаткі са 180 тысяч рублёў.
У Менску выявіўся «таксіст-філантроп», які рабіў 90% зніжкі пасажырам. Праўда, тыя не ведалі пра гэта і плацілі паводле «поўнага тарыфу», распавялі ва ўправе аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі МПЗ Менску.
Таксіст падвозіў гасцей сталіцы на кароткія адлегласці за вялікія грошы. Напрыклад, адзін пасажыр за паездку ад вакзала да Ждановічаў заплаціў 105 рублёў.
Як адзначаюць падаткавікі, таксіст «не спыняўся на тым, што здзіраў з пасажыраў непрыстойна вялікія сумы за паездку». Пасля таго як чалавек выходзіў з салона, кіроўца ўжываў фэйкавую зніжку сумай 90%, праводзячы праз касавы апарат даход сумай 10% ад фактычна прынятых гатовых грошай.
«І вось лагічны вынік яго маніпуляцый: дзякуючы тлумачэнням ашуканых грамадзян, прадпрымальнік быў абвінавачаны, а «намаляваныя» ім зніжкі ў суме амаль 180 000 рублёў будуць прызнаныя стоеным ад падаткаабкладання даходам», — паведамілі ў падатковай.
Там дадалі, што пры разглядзе пратакола за парушэнне парадку прыёму сродкаў аплаты (арт. 13.14 КоАП) парушальнік дамовіўся да таго, што заявіў: «Усе зніжкі рэальныя, я даваў іх інвалідам, маламаёмасным і ўвогуле ўсім, хто пасля заканчэння паездкі не мог расплаціцца па выніковым паказанням таксометра».
У пацвярджэнне сваіх слоў ён нават паказаў распрацаванае ім палажэнне аб зніжках, дзе ўсё так, як ён сказаў, і напісана.