Эксперты назвалі сем спосабаў пачаць новае жыццё
13- 20.12.2024, 20:46
- 8,414
Яны заснаваныя на міжнародных даследаваннях.
Кожны Новы год многія з нас пачынаюць з пастановаў і планаў змяніць нешта ў сваім жыцці. Апытанні паказваюць, што прыкладна палова гэтых пастановаў накіраваная на здароўе. Для адных гэта можа азначаць рэзкі пачатак рэжыму трэніровак ці правільнага харчавання. Для іншых – абавязальніцтва праводзіць больш часу з сям'ёй і сябрамі. Яшчэ для кагосьці – больш клапаціцца пра сябе ва ўсіх сэнсах, піша 24health.by.
Але на думку экспертаў ёсць 7 базавых правілаў, прытрымліваючыся якіх можна жыць больш паўнавартасным і здаровым жыццём цягам усяго года або зусім пачаць жыццё з чыстага аркуша.
Развівайце ў сабе пачуццё падзякі
З псіхалагічнага і фізіялагічнага гледзішча быць удзячным карысна для здароўя. Роберт А. Эманс, доктар філасофіі, прафесар псіхалогіі Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Дэвісе, зрабіў навуковае даследаванне «падзякі, яе прычынаў і патэнцыйнага ўплыву на здароўе і дабрабыт чалавека» асновай сваёй працы. Даследаванні, праведзеныя ім і ягонымі калегамі, паказваюць, што ўменне быць удзячным не толькі памяншае дэпрэсію і стрэс, зніжае падвышаны крывяны ціск, але і можа запаволіць некаторыя эфекты старэння.
Паспрабуйце палепшыць сваю фізічную форму
Не абавязкова станавіцца спартоўцам сусветнага класу, каб уставаць і больш рухацца. Вы можаце паставіць сабе мэту штодня бегаць 5 кіламетраў або наведваць трэніроўкі фітнэсу мінімум 3 разы на тыдзень. Але вы таксама можаце быць рэалістам і шпацыраваць па бліжэйшым парку двойчы на тыдзень, праходзіць пешшу пару-тройку аўтобусных прыпынкаў, дабіраючыся на працу, ці ладзіць на выходныя велашпацыры, ну, ці прынамсі паднімацца па лесвіцы на верхнія паверхі, не карыстаючыся ліфтам… Важна іншае – знайсці рэжым, які падыходзіць менавіта вам. І прытрымлівацца яго.
Зрабіце якасны сон сваім прыярытэтам
Цяжка адчуваць сябе добра, будучы фізічна і эмацыйна знясіленым. Мноства навуковых даследаванняў даказваюць, наколькі важны сон для агульнага здароўя. Дастатковая колькасць якаснага сну не толькі дапамагае перазагрузіцца мозгу і арганізму, але і дазваляе ўнікнуць набору лішняй вагі, а таксама зніжае некаторыя чыннікі рызыкі сардэчных прыступаў, інсультаў і хранічных захворванняў, такіх як дыябет. І, безумоўна, добры сон дапамагае думаць больш ясна і захоўваць цягам дня высокі ўзровень працаздольнасці і прадуктыўнасці.
Умацоўвайце сацыяльныя стасункі
Думаеце, сустракацца з сям'ёй і сябрамі прыемна, але не абавязкова? Як паведамляюць эксперты Гарвардскай медыцынскай школы, «дзясяткі даследаванняў паказалі, што людзі, у якіх ёсць здавальняльныя стасункі з сям'ёй, сябрамі і сваёй супольнасцю, шчаслівейшыя, маюць менш праблемаў са здароўем і жывуць даўжэй». І яны жывуць лепш. Навукоўцы выявілі, што гэтыя рэгулярныя ўзаемадзеянні дапамагаюць «зняць шкодныя ўзроўні стрэсу, якія могуць адмоўна ўплываць на каранарныя артэрыі, функцыю кішачніку, рэгуляцыю інсуліну і імунную сістэму». Цудоўна і тое, што для зносінаў з блізкімі і роднымі людзьмі не патрабуюцца грошы ці адмысловы набор навыкаў.
Шукайце спосабы зрабіць жыццё іншага чалавека ярчэйшым
У адным даследаванні, у якім удзельнічалі амаль 2 мільёны чалавек па ўсім свеце, пыталіся паддоследных, што прымушае іх адчуваць сябе найбольш здаволенымі. І ведаеце што? Магчымасць рабіць прыемныя нечаканкі і падарункі іншым людзям уваходзіць у тройку самых папулярных адказаў. Незалежна ад таго, дзе мы жывем, здольнасць дзяліцца з іншымі – сваім часам, досведам, ведамі, эмоцыямі, рэсурсамі – біялагічна запраграмаваная ў людзях. Але таксама ёсць даследаванні нейрабіёлагаў, якія паказваюць, што людзі адчуваюць сапраўднае задавальненне, робячы прыемнае іншым, дзякуючы вызваленню нейрамедыятараў добрага самаадчування. І больш за тое, гэты эфект выклікае прывыканне. Вось чаму некаторым з нас так важна рабіць жыццё іншых людзей больш яркім і радасным, каб самім адчуваць задавальненне жыццём. Карысная залежнасць, ці не так?
Зрабіце навучанне звычкай на ўсё жыццё
Ці ёсць замежная мова, якую вы заўсёды хацелі вывучаць? Музычны інструмент, на якім марылі граць у дзяцінстве? Навык, які хацелі б набыць, але ўвесь час не ставала часу? Магчыма, сёлета трэба прыняць выклік. Навучанне становіцца асабліва важным, калі мы становімся старэйшымі, сцвярджае Асацыяцыя псіхалагічных навук. Яны вывучылі 221 дарослага ва ўзросце ад 60 да 90 гадоў, якія выдаткоўвалі 15 гадзінаў на тыдзень на вывучэнне новага навыку. Праз 3 месяцы тыя, хто заняўся навыкамі, якія патрабуюць актыўнага ўдзелу і высокаўзроўневых кагнітыўных працэсаў, напрыклад лічбавай фатаграфіяй і шыццём, паказалі паляпшэнне памяці ў параўнанні з тымі, хто ўдзельнічаў толькі ў сацыяльных узаемадзеяннях ці менш патрабавальных разумовых дзеяннях, такіх як праслухоўванне класічнай музыкі. Яшчэ адна прычына рэгулярна трэніраваць свой мозг.
Аддайце першачарговую ўвагу захаванню свайго здароўя
Мы ўсе занятыя, і лёгка адкласці медыцынскі агляд, праверку зроку або скрынінг здароўя. Але чаму б не зрабіць паўзу, каб запланаваць візіт да лекара, і не заахвоціць сваіх блізкіх і сяброў зрабіць тое самае? Урэшце добрае здароўе – гэта аснова ўсяго, што мы хочам нязменна захаваць, пераходзячы з кожнага старога года ў новы.