Навукоўцы знайшлі практычна бязмежную крыніцу паліва
18- 21.12.2024, 10:37
- 14,404
Шарыкі дыяметрам 3 мм паказалі ўражвальныя вынікі.
Даследаванне кітайскіх навукоўцаў паказала, што новы падыход да здабычы ўрану можа забяспечыць ядзернай энэргіяй чалавецтва на тысячы гадоў, піша «Хайтэк».
Чаму акіян – крыніца будучыні
Уран – ключавы элемент для працы атамных электрастанцый. Аднак ягоныя запасы на сушы абмежаваныя: блізу 7,6 млн тонаў хопіць толькі на 100 гадоў. У той самы час акіяны ўтрымліваюць прыкладна 4,5 млрд тонаў урану, што тэарэтычна можа забяспечыць чалавецтва энэргіяй на некалькі тысячагоддзяў.
Праблема заключаецца ў нізкай канцэнтрацыі ўрану ў марской вадзе, што робіць яго здабычу складанай і дарагой.
Як працуе новая тэхналогія
Кітайскія навукоўцы распрацавалі порыстыя гідрагелевыя шарыкі, якія эфектыўна паглынаюць уран з марской вады. Асновай матэрыялу сталі поліамідаксім (рэчыва, якое прыцягвае металы) і расплаўлены свячны воск. Пасля астуджэння і выдаленні воску ўтварыліся порыстыя часціцы, якія інкапсулявалі ў альгінат-поліакрылавую кіслату.
Шарыкі дыяметрам 3 мм паказалі ўражвальныя вынікі:
у рэальных марскіх умовах з 10 літраў вады дасталі 4,79 мг урану на 1 грам шарыкаў за 15 дзён;
у лабараторных умовах гэты паказнік дасягнуў 8,23 мг.
Эфектыўнасць здабычы ўрану склала ад 95,9% да 99,5%.
Магчымасці і перспектывы
Гэта тэхналогія можа стаць эканамічна выгаднай ідэяй для прамысловай здабычы ўрану. Выкарыстанне такіх танных матэрыялаў, як свячны воск, робіць працэс даступным і маштабным.
Хоць атамныя электрастанцыі не з'яўляюцца цалкам экалагічнымі праз ядзерныя адкіды, яны ўяўляюць сабою больш чыстую альтэрнатыву выкапнёваму паліву.
У будучыні ядзерная энэргетыка можа саступіць месца тэрмаядзернай, якая не стварае адкідаў і выкарыстоўвае працэсы аналагічныя тым, што адбываюцца на Сонцы. Аднак тэхналогіі тэрмаядзернага сінтэзу пакуль застаюцца на стадыі распрацоўкі.