24 снежня 2024, aўторак, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі стала на траціну больш «небяспечных» грошай

1
У Беларусі стала на траціну больш «небяспечных» грошай

Эканамісты ацанілі наступствы.

«Хуткіх» грошай цяпер у эканоміцы Br25,7 млрд. Тут улічваюцца грошы гатоўкай у абароце, а таксама пераводныя дэпазіты беларусаў у рублях і валюце. За год памер вырас на 33%. Гэтыя грошы небяспечныя тым, што іх можна вельмі хутка выдаткаваць на штосьці падчас крызісу і тым самым паспрыяць разгону коштаў, паведамляе «Белсат».

На руках у беларусаў – паводле звестак Нацбанка на 1 снежня, – Br 11,4 млрд, што на 26,7% больш за год да году. На пераводных дэпазітах – так мудрагеліста спецыялісты называюць звычайныя рахункі, грошы на банкаўскіх картах – цяпер Br 7,6 млрд (плюс 35, 9% год да году) і $ 1,9 млрд (плюс 22,9%).

Гэта ўсё так званыя «хуткія» грошы, якія можна вокамгненна выдаткаваць і вытрыбушыць з імі абменнікі і крамы. Менавіта туды бягуць беларусы падчас крызісаў і менавіта такая скупка ўсяго навокал толькі падштурхоўвае інфляцыю і дэвальвацыю. У параўнанні са снежнем 2023 года гэты агульны памер «хуткіх» грошай у фізічных асобаў вырас ажно на 33%.

У тэрміновых дэпазітах тэндэнцыі не мяняюцца: беларусы выносяць з банкаў валюту і нясуць туды рублі.

На рублёвых укладах цяпер Br 10,6 млрд (плюс 36,3% год да году), на валютных – $2,5 млрд (мінус 18%).

Тут усё проста: адсоткі дэпазітаў у рублях дапамагаюць не толькі выратаваць грошы ад абясцэньвання, але яшчэ і прымножыць ашчаджэнні. Напрыклад, пры гадавой інфляцыі ў лістападзе 5,5% рубля можна было пакласці ў банк пад 9,67% (сярэдняя стаўка новых дэпазітаў да года) ці нават пад 13,2% (сярэдняя стаўка новых дэпазітаў тэрмінам больш за год).

Валютныя ўклады такой прыбытковасцю пахваліцца не могуць: даляры возьмуць пад 0,83%, а еўра – пад 0,4% (гэта сярэднія стаўкі новых доўгатэрміновых дэпазітаў у лістападзе).

Пры гэтым скарачаюцца валютныя дэпазіты і юрыдычных асобаў – і пераводныя, і тэрміновыя: на 16,3% і 5,6% адпаведна ў параўнанні са снежнем 2023 года. Цяпер кампаніі трымаюць у банках валюты на $5,2 млрд.

А нядаўна Нацбанк паведаміў, што банкі рэзка паднялі стаўкі даляравых дэпазітаў – і для фізічных, і для юрыдычных асобаў.

Праўда, адсоткі ўсё яшчэ нізкія, і эканамістка даследчага цэнтра BEROC Настасся Лузгіна не ўпэўненая, што намаганні банкаў прынясуць плён, хоць варта пачакаць і паглядзець, што будзе. «Гэта ж не такі імгненны прыток валюты, патрабуецца пэўны перыяд для гэтага», – адзначыла экспертка ў каментары «Белсату».

Цікава іншае: чаму банкі, якія ледзь не выпіхвалі валюту, уводзячы камісію за абслугоўванне рахункаў, зноў у ёй маюць патрэбу? Як тлумачыць Лузгіна, да нялюбасці крэдытных арганізацый да замежных грошай датычны рэгулятар, які ўхваліў вельмі высокія нормы рэзервавання ўсіх валютных дэпазітаў:

«Банкі змушаныя аддаваць грошы, груба кажучы, у Нацбанк, рэзерваваць іх там, і гэтыя грошы не працуюць. Плюс банкі павінны нешта плаціць укладчыкам, таму гэта банкам невыгодна абсалютна».

Паводле словаў эканамісткі, рэгулятар у апошні час нічога не мяняў у сваёй палітыцы дэдалярызацыі, таму цяперашняя спроба спыніць адток амерыканскіх грошай ці нават прывабіць новыя дэпазіты – ініцыятыва ўласна банкаў. Лузгіна мяркуе, што іх крыху ўзбаламуціла нядаўняе рэкорднае падаражанне даляра і еўра:

«Паўплывалі ваганні беларускага рубля ў апошнія месяцы. Банкі пастанавілі не тое каб папоўніць свае запасы, а стабілізаваць дзель капіталу ў замежнай валюце. Бачачы, што курс вагаецца туды-сюды, яны, відаць, пастанавілі ў пэўнай ступені падстрахавацца».

Яшчэ адна верагодная прычына імкнення да валюты – узніклы ў банкаў попыт імпарцёраў. Праз рост прыбыткаў расце і спажыванне, у тым ліку хапаюць замежныя тавары. Пры гэтым імпарт павялічваецца хутчэй за экспарт.

«Рост імпарту таксама стымуляваў банкі, ім патрэбная валюта для разлікаў. Можа, яны спрагназавалі, што ў снежні перад святамі спатрэбіцца больш валюты», – падсумавала Настасся Лузгіна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках