У Менску простая просьба пары да незнаёмца скончылася нападам
26- 21.12.2024, 16:40
- 16,386
Хулігана затрымалі.
Вынесены прысуд 38-гадоваму раней неаднаразова судзімаму менчуку, якога абвінавачвалі ва ўчыненні асабліва злоснага хуліганства, піша дзяржагенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на пракуратуру Савецкага раёна.
Позна вечарам дзяўчына з хлопцам размаўлялі на лаўцы каля Камароўскага рынку. Раптам да іх падсеў незнаёмы мужчына. Маладыя людзі папрасілі яго перасесці на іншую лавачку, на што той дастаў са смецця шкляную бутэльку і разбіў яе аб галаву дзяўчыны. Хлопец заступіўся за сяброўку, паміж ім і фігурантам пачалася бойка. Зламыснік нанёс маладому чалавеку два ўдары «ружанькай» па твары і целе, а таксама некалькі разоў ударыў рукой па галаве.
Хулігана затрымалі, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Віну ён цалкам прызнаў, у зробленым раскаяўся.
- Абвінавачаны афіцыйна працаўладкаваны, раней дзесяць разоў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за ўчыненне аналагічнага злачынства, - пракаментавала старэйшы памочнік пракурора Савецкага раёна Аліна Максімчык, якая выступала па гэтай крымінальнай справе дзяржаўным абвінаваўцам. - Суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь (Асабліва злоснае хуліганства), і прызначыў пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі, якія абвінавачаны правядзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Акрамя таго, ён мусіць прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Прысуд не ўступіў у дзеянне, можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.