У Растоўскай вобласці РФ узарваўся склад боепрыпасаў
7- 22.12.2024, 23:16
- 16,468
Яго атакавалі беспілотнікі.
Сёння ўначы ў Растоўскай вобласці адбыўся моцны выбух на складзе боепрыпасаў пад Новачаркаскам. Відавочцы захавалі момант выбуху на відэа: на кадрах відаць, як вялізны агністы грыб паднімаецца на сотні метраў уверх, асвятляючы начное неба. Пасля першага выбуху была чарга другасных дэтанацый. Фрагмент відэа публікуе Тэлеграм-канал "Украіна 365". Расейцы ва ўдары абвінавачваюць Украіну.
Паводле звестак расейскіх СМІ, склад мог належаць 150-й мотастралковай дывізіі, якая ўдзельнічае ў наступе на Курахаўскім кірнунку. Дэтанацыя боепрыпасаў стала прычынай маштабнага пажару, падрабязнасці якога ўлады пакуль не каментуюць.
Гэтай жа ноччу губернатар Арлоўскай вобласці пацвердзіў удар па нафтабазе. У выніку атакі на аб'ект адбыўся пажар, які распаўсюдзіўся па тэрыторыі.
Новачаркаск, размешчаны паблізу Растова-на-Доне, стаў чарговым расейскім аб'ектам, якія пацярпелі ад нападаў за апошнія месяцы. Маштабны выбух на складзе боепрыпасаў можа паўплываць на лагістыку і ваенныя планы РФ у гэтым рэгіёне.