Ва Украіне беларускую мову выключаць з пераліку моваў «пад абаронай»
74- 24.12.2024, 18:41
- 14,942
На яе не будзе распаўсюджвацца еўрапейская хартыя рэгіянальных моваў.
Кабінет міністраў Украіны ўхваліў законапраект аб унясенні змяненняў у некаторыя законы ў сувязі з абнаўленнем афіцыйнага перакладу Еўрапейскай хартыі рэгіянальных або мінарытарных моваў, згодна з якой расейская і беларуская мовы больш не будуць пад абаронай.
Як піша New Voice, пра гэта заявіў прадстаўнік ураду ў Вярхоўнай Радзе Тарас Мельнічук.
Паводле ягоных словаў, законапраект прапануе прывесці назву і палажэнні закон Аб ратыфікацыі Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моваў або моваў меншасцяў, а таксама палажэнні законаў Аб нацыянальных меншасцях (супольнасцях) Украіны і Аб медыя ў адпаведнасць з абноўленым афіцыйным перакладам Еўрапейскай хартыі рэгіянальных або мінарытарных моваў, сярод іншага, словы «Еўрапейская хартыя рэгіянальных моваў ці моваў меншасцяў» прапануецца замяніць словамі «Еўрапейская хартыя рэгіянальных ці мінарытарных моваў».
Таксама прапануецца абнавіць пералік моваў, да якіх будзе ўжывацца адпаведны рэжым падтрымкі і асаблівай абароны, прадугледжаны Хартыяй.
Сярод іншага, прадугледжана, што ва Украіне палажэнні Хартыі будуць выкарыстоўвацца да балгарскай, гагаузскай, крымскататарскай, навагрэцкай, нямецкай, польскай, румынскай, славацкай, вугорскай, чэшскай і іўрыту.