Расейцы спрабуюць абыходзіць буйныя гарады на Данбасе
1- 24.12.2024, 21:10
- 6,720
Ваенны эксперт патлумачыў тактыку ворага.
Ваенны эксперт і заснавальнік БА «Рэактыўная пошта» Павел Нарожны расказаў, што расейскія акупанты спрабуюць не штурмаваць буйныя гарады, а абыходзіць іх. Сёння яны сканцэнтраваныя перш за ўсё на пераразанні шляхоў забеспячэння. Падчас эфіру на Радыё NV ён падкрэсліў, што расейцы ўжывалі гэтую тактыку ў большасці буйных гарадоў, акрамя Бахмута.
Нарожны нагадаў, што даўжыня лініі фронту ва Украіне складае 1700 км. Але акупанты спрабуюць зрабіць яе яшчэ даўжэйшай.
«Яны робяць усё, каб расцягнуць гэтую лінію фронту. І як вынік, мы трымаем абарону ў гарадах, населеных пунктах. Паміж імі ў нас ёсць абарона, якая знаходзіцца ў лясах і пасадках, – расказаў спікер. – Але калі глядзець на Данбас, то там вельмі мала гэтых лясоў. І таму атрымліваецца так, што ў нас ёсць населеныя пункты, паміж імі ў нас даволі мала абаронцаў. І вораг мацае, шукае гэтыя слабыя месцы».
Сёння прыклад выкарыстання такой тактыкі можна ўбачыць у Курахаве, якое расейцы не могуць акупаваць. Таму яны спрабуюць абысці яго з флангаў. Тое самае яны робяць непадалёк ад Пакроўска і Вялікай Навасёлкі.
«У ворага таксама праблема з асабовым складам. Каб захапіць нейкі вялікі горад – Канстанцінаўку – трэба ў гэтым горадзе пакінуць вялізную колькасць байцоў ззаду, – растлумачыў Нарожны. – Праводзіць паліцэйскую аперацыю, фільтраванне, утрымліваць гэты населены пункт. А ў іх людзей не стае».