Украінскія дроны атакавалі базу спецпалка Кадырава ў Грозным
- 25.12.2024, 13:16
- 7,358
БПЛА атакавалі і Інгушэцію.
У сталіцы Чачні, горадзе Грозным, раніцай 25 снежня прагрымела серыя выбухаў. Мясцовыя жыхары знялі на відэа атаку беспілотнікаў.
Пра гэта паведамляе «Каўказ. Рэаліі».
Паводле звестак апазіцыйнага чачэнскага Telegram-канала Niyso, у Грозным прагрымелі сама меней чатыры-пяць выбухаў, а ў раёне базы 2-га спецпалка МУС імя Ахмата Кадырава ўпала некалькі дронаў.
Хамзат Кадыраў, сакратар Рады бяспекі Чачні і пляменнік чачэнскага дыктатара Рамзана Кадырава, сцвярджае са спасылкай на словы камандзіра гэтага падраздзялення Заміда Чалаева, што «ўсе беспілотнікі былі збітыя».
Акрамя таго, як паведамляюць мясцовыя Telegram-каналы, дроны таксама атакавалі суседні рэгіён – Інгушэцію. Адзін БПЛА упаў у горадзе Малгабек і не выклікаў разбурэнняў з ахвярамі.