У парламенце Азербайджана выставілі ультыматум Расеі праз збіты самалёт Embraer 190
52- 27.12.2024, 17:22
- 47,862
Дэпутат Меджліса запатрабаваў ад Крамля выбачэнняў і выплаты кампенсацыі.
У парламенце Азербайджана выставілі патрабаванне да Расеі ў сувязі з катастрофай пасажырскага самалёта Embraer 190 авіякампаніі Azerbaijan Airlines, які быў збіты ракетай з расейскай сістэмы СПА над Грозным.
Дэпутат Меджліса Расім Мусабекаў запатрабаваў ад РФ выбачэнняў і папярэдзіў, што ў адваротным выпадку стасункі паміж Баку і Масквой могуць перайсці на іншы ўзровень, піша агенцтва Turan.
Парламентарый пацвердзіў інфармацыю СМІ, што самалёт быў збіты расейскай ракетай у небе над Грозным.
Ён звярнуў увагу, што ў Расеі чыняцца пэўныя дзеянні ў медыя, накіраваныя на тое, каб схаваць дачыненне расейскай СПА да катастрофы лайнера.
Са слоў парламентарыя, расейскі бок павінен прынесці прабачэнні Баку, выплаціць кампенсацыю і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасці.
Ён нагадаў: падчас баявых дзеянняў у Карабаху ў 2020 годзе азербайджанскі бок прынёс прабачэнні РФ і выплаціў кампенсацыю за збіццё расейскага гелікаптэра.
Парламентарый указаў, што РФ падчас працы СПА павінна была закрыць аэрапорт у Грозным і паведаміць пра гэта авіякампаніі.