Эстонія звярнулася да NАТО
2- 27.12.2024, 11:50
- 3,788
Талін просіць размясціць у Балтыйскім моры "флот стрымлівання".
Эстонія мае намер папрасіць NАТО размясціць у Балтыйскім моры "флот стрымлівання" пасля абрыву падводных кабеляў, заявіў прэм'ер-міністр краіны Крыстэн Міхал. Паводле ягоных слоў, кансультацыі ў гэтым пытанні пройдуць у рамках артыкула 4 Паўночнаатлантычнага альянсу, які прадугледжвае абмеркаванне пагроз бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці або палітычнай незалежнасці любой з краін блока, паведамляе postimees.ee.
"Пашкоджанні крытычнай інфраструктуры становяцца ўсё больш звычайнай справай, праблема паўтараецца, а гэта значыць, што краіны павінны лепш абараняць сваю інфраструктуру і лепш перахапляць судны, разам са стрымліваннем павінна быць магчымасць хутчэй выяўляць вінаватых", - сказаў Міхаіл. Ён адзначыў, што самае галоўнае - падвысіць узровень маніторынгу патэнцыйных пагроз.
Паўночнаатлантычны альянс гатовы дапамагчы Эстоніі ў абароне крытычнай інфраструктуры ў Балтыйскім моры, заявіў генеральны сакратар NАТО Марк Рутэ. “NАТО падтрымлівае сваіх саюзнікаў і асуджае ўсе напады на крытычна важную інфраструктуру. Мы сочым за расследаваннямі, пачатымі Эстоніяй і Фінляндыяй, і гатовы надаць далейшую падтрымку”, — адзначыў Рутэ. Пры гэтым ён не ўдакладніў, пра якую менавіта падтрымку ідзе гаворка.
У сераду, 25 снежня, эстонскі аператар Elering паведаміў аб аварыйным адключэнні кабеля EstLink 2, які злучае краіну з Фінляндыяй. Памежныя службы неўзабаве пасля гэтага заўважылі судна ў раёне меркаванай аварыі і папрасілі экіпаж падняць якар, але на паверхні апынуўся толькі якарны ланцуг. Паліцыя Фінляндыі затрымала судна, якім быў нафтавы танкер Eagle S, які ходзіць пад сцягам Астравоў Кука. Са звестак сэрвісу Marine Traffic, да пашкоджання кабелю танкер выйшаў з порта Санкт-Пецярбурга і павінен быў 9 студзеня прыбыць у Порт-Саід (Егіпет). Фінская паліцыя разглядае тое, што адбылося, як вандалізм з абцяжарвальнымі абставінамі і расследуе справу паводле адпаведнага артыкула.
Таксама 25 снежня былі пашкоджаныя тры кабелі сувязі паміж Эстоніяй і Фінляндыяй. Два з іх належаць кампаніі Elisa, трэці – CITIC Telecom. Улады ініцыявалі расследаванне, а фінскі аператар Flingrid не выключыў сабатаж.