Улады забралі ў баскетбольнага клуба «Мінск» буйную суму грошай
4- 27.12.2024, 12:29
- 3,892
У клуб прыйшоў КДК.
Старшыня баскетбольнага «Мінска» Пётр Івашкоў на дзяржтэлеканале распавёў пра сёлетнія фінансавыя праблемы клуба.
Органы, якія абапіраліся на высновы КДК, пазбавілі нас магчымасці атрымліваць спонсарскія грошы. І другое: нам нельга выдаткоўваць пазабюджэтныя сродкі. Калі ў нас няма спонсарскіх грошай і пазабюджэту, можаце ўявіць, як мы жывём», - сказаў Івашкоў.
Ён прызнаў, што гэта быў «удар і вялікая нечаканасць». «Мінск» цяпер існуе толькі за кошт бюджэтнага фінансавання, якое не дазваляе нармальна камплектаваць каманды.
«Нам забаранілі атрыманне спонсарскай дапамогі паводле тых дамоў, якія ўжо падпісаныя. На гэтым мы страцілі амаль 1,5 мільёна беларускіх рублёў. Гэта тое, што павінна было зрабіць ужо па выніках зробленай працы ад арганізацый, прадпрыемстваў. Але яны не змаглі гэтага зрабіць, бо не мелі права. Фактычна ў нас забралі 1,5 мільёна. Прычына - парушэнні за папярэднія гады, выяўленыя КДК. Яны тычацца дзейнасці клуба - ва ўсіх кірунках», - заявіў Івашкоў.
Нагадаем, у чэрвені гэтага года БК «Мінск» пакінуў лігу ВТБ пасля няўдалага сезона, у якім каманда заняла апошняе месца з адной перамогай на 40 матчах. У Беларускай федэрацыі баскетбола патлумачылі гэта тым, што для выступу ў расейскай лізе няма грошай.
А ў лістападзе стала вядома аб праверцы «Мінска» падатковымі органамі. У выніку асноўная мужчынская і жаночая каманды, якія выступаюць у чэмпіянаце Беларусі, былі вымушаны развітацца з шэрагам лідараў. Са слоў Івашкова, пагрозы існавання клуба няма.