Рост цаны бензіну ў Расеі ўсталяваў 13-гадовы рэкорд пасля атакі дронаў на НПЗ
3- 27.12.2024, 15:12
- 5,252
Выраб паліва абрынуўся.
Расея ў 2024 годзе сутыкнулася з рэкордным за 13 гадоў скокам раздробных цэн бензіну пасля шэрагу атак украінскіх дронаў на нафтаперапрацоўчыя заводы, праз якія у першай палове года выраб паліва абрынуўся больш чым на 10%, піша The Moscow Times.
Паводле Расстата, з пачатку года да 23 снежня бензін у сярэднім у РФ падаражэў на 11%, да 60,57 рубля за літар. Пры гэтым у аддаленых рэгіёнах Далёкага Усходу цэны на чвэрць перавысілі сярэднерасейскія: 74,4 рубля за літр на Сахаліне, 74 рубля – у Якуціі, 70,9 рубля на Камчатцы, 70,8 рубля – у Магаданскай вобласці.
За год рост цаны бензіну стане наймацнейшым з 2011 года, калі, паводле Расстата, цэны на станцыях выраслі на 14,9%. Для параўнання: летась, паводле афіцыйнай статыстыкі, бензін падаражэў на 7,2%, у 2022-м – толькі на 0,9%, у 2021 – на 8,9%. Нават у 2018 годзе, падчас паліўнага крызісу, бензін даражэў павальней: гадавы рост цэн тады склаў 9,4%, хоць у асобныя месяцы перавышаў 12%.
Упершыню за 6 гадоў бензін падаражэў прыкметна вышэй за агульную інфляцыю, якую Мінэканамразвіцця за тыдзень да канца года ацэньвае на 9,7%. Зазвычай улады імкнуцца такога не дапускаць, каб не правакаваць далейшае паскарэнне інфляцыі, бо "кошт паліва закладваецца ў дастаўку ўсіх тавараў і аўтаматычна падвышае цану канчатковай прадукцыі для пакупніка", адзначае аналітык Freedom Finance Уладзімір Чарноў.
Сёлета, нагадвае Чарноў, урад спрабаваў стрымліваць цану бензіну забаронай на яго экспарт: абмежаванні ўвялі неўзабаве пасля таго, як два дзясяткі буйных расейскіх НПЗ былі атакаваныя ўкраінскімі БЛА, а шэраг быў вымушаныя спыніць вытворчасць. Пад канец траўня спад вырабу бензіну ў Расеі дасягаў 20% у дачыненні да снежня 2023 года, а дызельнага паліва – 11%. У адказ улады засакрэцілі статыстыку вырабу паліва, спасылаючыся на геапалітыку і пагрозу маніпуляцый рынкам.
У 2025 годзе бензін будзе даражэць, папярэджвае аналітык "Лічба брокер" Кірыл Кліменцьеў. Рост коштаў, паводле яго ацэнак, складзе 10-15%, а ў найгоршым выпадку – 20%, чаго ў Расеі, паводле Расстата, не было з 2004 года (тады кошт паліва падскочыў на рэкордныя 31,3%).
Прычынай, як мяркуе Кліменцьеў, стане падвышэнне тарыфаў "Транснафты" на прапампоўванне па трубаправодах, а таксама рэзкае падвышэнне акцызаў: яны вырастуць 14% для бензіну і 16% для дызпаліва, што ўтрая больш, чым было прадугледжана ў Падатковым кодэксе (4,7%). Паводле разлікаў урада, гэта прынясе ў скарбніцу 170 млрд рублёў, з якіх 116 млрд - за кошт пазапланавага падвышэння.
«Дадатковымі чыннікамі стануць сусветныя кошты нафты, дэвальвацыя рубля і інфляцыя. Нівеляваць эфект могуць субсідыі нафтавым кампаніям і ўмацаванне рубля», - дадае Кліменцьеў (яго цытуе RTVI).