У Бабруйску таксіст адмовіўся везці кампанію з пяці чалавек
17- 28.12.2024, 16:05
- 13,768
Гэта каштавала выпадковаму мінаку - удару нажом.
У Бабруйску таксіст адмовіўся везці ў салоне адразу пяць чалавек, і адзін з пасажыраў, якога не ўзялі, учыніў пагром, у якім дасталася нават выпадковаму мінаку. Агрэсіўнага мужчыну прысудзілі да трох гадоў калоніі, піша «Люстэрка» са спасылкай на прэс-службу суда.
Інцыдэнт здарыўся яшчэ ў ліпені. Да кіроўцы таксі папрасіліся адразу пяць чалавек, але ён адмовіў ім у паездцы. Адзін з мужчын быў п'яны, ён "з хуліганскіх памкненняў" разбіў лабавое шкло таксі і праткнуў нажом тры колы - з улікам кошту матэрыялаў і рамонтных работ страты пацягнулі на 718 рублёў. Але гэтага пасажыру, падалося мала.
"Пасля гэтага абвінавачаны схапіў рукой за плячо выпадковага мінака і з сілай пацягнуў яго, а пасля развярнуў тварам да сябе і нанёс удар нажом у вобласць жывата, прычыніўшы тым самым лёгкія цялесныя пашкоджанні здароўя", - распавялі ў судзе.
Напрыканцы бабруйчанін разбіў лабавое шкло яшчэ аднаго аўто - рамонт абышоўся ў 270 рублёў.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым у некалькіх эпізодах хуліганства, уключаючы пашкоджанне чужой маёмасці, ужыванне гвалту і выкарыстанне нажа як зброі. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 3 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абвінавачаны прызнаў віну і пакрыў шкоду, а прысуд паспрабаваў абскардзіць, але яго пакінулі без зменаў.