Па ўсёй Грузіі прайшла маштабная акцыя пратэсту "Ланцуг адзінства"
7- 28.12.2024, 19:07
- 10,474
Да яе далучыліся і дэпутаты Еўрапарламента, якія прыбылі ў Тбілісі.
Праз роўна месяц пасля заявы грузінскага прэм'ера Іраклія Кабахідзэ аб прыпыненні еўраінтэграцыі да 2028 года па ўсёй краіне прайшла маштабная антыўрадавая акцыя пратэсту, паведамляе "Рэха Каўказа".
"Ланцуг адзінства" выбудаваўся ва ўсіх буйных гарадах. Самы працяглы - у Тбілісі: ланцуг злучыў правую і левую набярэжныя і сем мастоў сталіцы: Мятэхскі, Мост Міру, Бараташвілі, Саарбрукенскі, Галакціёна Табідзэ, царыцы Тамар і Вахушты Баграціёны. Часткова быў паралізаваны аўтамабільны рух.
Да акцыі далучыліся, між іншым, усе асноўныя апазіцыйныя партыі краіны, а таксама студэнты, НДА, бізнэсоўцы, прадстаўнікі сферы культуры, прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі, дэпутаты Еўрапарламента Міхал Ваўрыкевіч (Польшча) і Дайнюс Жалімас (Літва).
У "Ланцугу адзінства" возьмуць удзел і грузінскія эмігранты. Зборы арганізаваны ў 40 гарадах Еўропы і ЗША.
Напярэдадні акцыі ЗША абвясцілі аб пастанове ўвесці фінансавыя санкцыі супраць заснавальніка і ганаровага старшыні "Грузінскай мары" Бідзіны Іванішвілі. Яго абвінавачваюць "у падрыве дэмакратычнай і еўраатлантычнай будучыні Грузіі ва ўгоду РФ".
Заўтра, 29 снежня, кіруючая "Грузінская мара" плануе правесці інаўгурацыю Міхаіла Кавелашвілі, зацверджанага на пасаду Выбарчай калегіяй. Дзейны прэзідэнт, апазіцыя, а таксама частка міжнародных партнёраў краіны не прызнаюць легітымнасць новага парламента і прэзідэнта.
Кангрэсмен-рэспубліканец Джо Уілсан заявіў, што адзіным легітымным лідарам краіны з'яўляецца Зурабішвілі, і запрасіў яе на інаўгурацыю Дональда Трампа, якая пройдзе 20 студзеня 2025 года.