У Еўропе заблакаваны шэраг расейскіх Telegram-каналаў
10- 28.12.2024, 21:16
- 4,924
За тое, што яны распаўсюджваюць і падтрымліваюць расейскую прапаганду.
Telegram-каналы адразу некалькіх расейскіх дзяржаўных СМІ перасталі адчыняцца ў карыстальнікаў у Еўропе. Пра гэта стала вядома ў суботу, 28 снежня, піша "Нямецкая хваля".
Пры спробе адкрыць з тэрыторыі шэрагу еўрапейскіх краін каналы агенцтва РІА "Новости", выданняў "Известия" і "Российская газета", а таксама тэлеканалаў RT, "Россия 1", "Первый канал" і НТВ, з'яўляецца апавяшчэнне: "Гэты канал недаступны, бо парушаў мясцовае заканадаўства".
З такімі праблемамі сутыкнуліся карыстальнікі з Латвіі, Літвы, Нямеччыеы, Нідэрландаў і Францыі. РІА "Новости" са спасылкай на карэспандэнтаў піша, што канал агенцтва таксама не адкрываецца ў Польшчы, Бельгіі, Швейцарыі, Чэхіі, Грэцыі і Італіі.
У ЕЗ забаранілі вяшчанне некалькіх звязаных з РФ СМІ
У сярэдзіне траўня 2024-га Рада ЕЗ забараніла вяшчанне чатырох СМІ, звязаных з Расеяй, якія, на думку органа, "распаўсюджваюць і падтрымліваюць расейскую прапаганду і агрэсіўную вайну супраць Украіны".
Пад забарону трапілі РІА "Новости", "Известия", "Российская газета" і звязаны з Віктарам Медведчуком інтэрнэт-партал Voice of Europe, які базуецца ў Чэхіі. Усе гэтыя СМІ, як вынікае з паведамлення, "знаходзяцца пад пастаянным прамым або ўскосным кантролем кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі".
У Радзе ЕЗ тады ўдакладнілі, што ўзгодненыя захады не перашкодзяць тым, хто трапіў пад абмежаванні СМІ, і іх супрацоўнікам ажыццяўляць на тэрыторыі Еўразвязу любую дзейнасць, акрамя вяшчання.