4 студзеня 2025, Субота, 0:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Крах маскоўскага імперыялізму ўжо пачаўся»

25
«Крах маскоўскага імперыялізму ўжо пачаўся»
Пётр Чэрнік

У 2024 годзе адбыўся шэраг эпахальных падзей.

Украінскі эксперт, палкоўнік УСУ Пётр Чэрнік у інтэрв'ю сайту Charter97.org назваў пяць галоўных падзей мінулага года:

- Мы бачым краіны Глабальнага Поўдня, краіны "азіяцкага свету", свету тыраній. Так склалася, што 70% дзяржаў у свеце - дыктатуры і аўтарытарныя рэжымы, толькі 30% - дэмакратыі. Глабальны Поўдзень, вядома ж, не гамагенны. Там ёсць Бразілія, якую нельга назваць дыктатарскай. Аднак канкурэнцыя паміж гэтымі блокамі набірае сілу. І Украіна стала пляцоўкай барацьбы гэтых гігантаў, якія сфармаваліся.

Сёлета, даслоўна некалькі тыдняў таму, адбылася эпахальная падзея. Акрэсленая "вось зла" - Кітай, КНДР, Расея і Іран - пацярпела сур'ёзнае паражэнне пасля зрынання рэжыму Асада ў Сірыі. Захад даў сур'ёзны адказ. Мы разумеем, што такую хуткую і паспяховую аперацыю самі паўстанцы не маглі арганізаваць. Яна была скаардынаваная сур'ёзнымі спецслужбамі - брытанскімі, французскімі і амерыканскімі, а таксама турэцкімі. Тут у бок Турцыі трэба зрабіць рэверанс. Анкара ўспомніла, што некалі была Асманская імперыя. Гэта і добра, і дрэнна для нас адначасова. Асманізм даволі небяспечны, але гэта пацвярджае яшчэ адна мая тэза - каскад маленькіх, сярэдніх і вялікіх войнаў будзе толькі нарастаць.

Яшчэ адна эпахальная падзея – "саміт міру", які прайшоў у чэрвені 2024 года. Мы не надалі яму належнай увагі. Але калі прывязаць да гэтай падзеі яшчэ і перамогу ў ЗША Дональда Трампа, можна сказаць, што гэта пачатак пошуку формулы выхаду з гэтай фазы вайны. Менавіта фазы, бо гэта вайна не скончыцца. Таму налета, хоць я не люблю гэты тэрмін, але адбудзецца "замарожванне". Было б вельмі добра, калі б ва Украіне з'явіўся вялікі міратворчы кантынгент - французы, немцы, брытанцы і гэтак далей. Чым больш - тым лепш. Бо па-сапраўднаму гэтая вайна скончыцца толькі тады, калі РФ распадзецца, Крэмль страціць ядзерную зброю і будзе адсечаны ад бясплатных сібірскіх рэсурсаў, а яшчэ два пакаленні расейцаў (а гэта недзе 60 гадоў) пройдзе "санацыю" - ачышчэнне ад імперскай велічы.

Аднак крах маскоўскага імперыялізму ўжо пачаўся. Пра гэта сведчаць уцёкі з Сірыі. Расея выдаткавала мільярды даляраў, страціла свой прэстыж. Яшчэ адна найважнейшая падзея - Расея страціла другое месца сярод краін-экспарцёраў зброі. З 60-х гадоў СССР, а потым Расея, трымалі гэтае месца. Упершыню іх абышлі французы. Паслабленне іх вайскова-прамысловага патэнцыялу будзе рухацца і далей. Натуральна, гэта не аднамомантны працэс, спатрэбіцца не год і не два.

Яшчэ адна гістарычная падзея – бліскучая аперацыя УСУ ў Курскай вобласці. Канчаткова разбураны міф аб тым, што "на ядзерную краіну нельга нападаць". Мы на іх не напалі, тут важна адзначыць, што была праведзеная аперацыя па адцягненні войскаў супраціўніка з Данецкага кірунку. Таксама мы паказалі нашым хаўруснікам, на што мы здольныя, а самае галоўнае – гэта вялізная аплявуха Пуціну.

Аперацыя пачалася ў жніўні, зараз ужо канец снежня, а расейцы толькі на некалькі квадратных кіламетраў скарацілі плацдарм, які адваявалі УСУ. Для "другога войска свету" - гэта велізарная ганьба. Як мы бачым, можна праводзіць дапаможныя ваенныя аперацыі супраць дзяржавы, якая на ўвесь свет махае ядзернай дубінкай і пагражае ўсіх спаліць у "ядзерным апакаліпсісе".

Падводзячы вынік, я засяродзіўся б на пяці аспектах. Першы - пачалася бітва Глабальнага Поўдня супраць Глабальнай Поўначы, другі - дэмакратыі далі бой на сірыйскім плацдарме, трэці - саміт у Швэйцарыі даў пачатак пошуку выхаду з гэтай фазы вайны, чацвёрты - паслабленне ВПК РФ, калі іх хвалёныя комплексы С-300 і С-400 нічога не магу перахапіць, пятае - рэвізія ядзернай дактрыны РФ, калі на яе тэрыторыі працягваецца паўнавартасная ваенная аперацыя.

Мяркую, што нейкая фіналізацыі гэтай фазы вайны можа адбыцца налета. Дарэчы, гэта можа адбыцца і без якой-небудзь дамовы. Потым вайна адновіцца. Расейскі імперыялізм не можа сабе дазволіць страціць Украіну. Мяркую, што страта Украіны для Масковіі азначае страту галавы. Не вачэй, не вуха, не рукі, а менавіта галавы. Таму мы мусім іх перамагчы.

Іх гісторык Васіль Ключэўскі чорным па белым напісаў: "Расея – пагроза Украіне. Украіна - пагроза Расеі". Застанецца нехта адзін.

- Хто для вас галоўны герой мінулага года?

- Украінская нацыя, якая змагаецца не толькі за сваё выжыванне, але і за ўвесь дэмакратычны свет. Бо калі мы здадзімся (гэтага не адбудзецца, але давайце прадставім), а свет не дасць адказ, то атака на Малдову, Каўказ, краіны Цэнтральнай Азіі, NАТО - гэта пытанне часу.

Але сёння гэта немагчыма, бо Расейская імперыя не можа існаваць без Украіны. Пад'ём Расеі пачаўся толькі тады, калі Багдан Хмяльніцкі зрабіў фатальную памылку.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках