У самалёта «Белавія» ў небе пачаліся праблемы з рухавіком
3- 5.12.2024, 18:45
- 15,632
Ён вярнуўся ў Менск.
Самалёт “Белавія", які ляцеў у Дамадзедава (Масква, Расея), вымушана вярнуўся ў аэрапорт Менска праз праблемы з рухавіком. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал пра авіяздарэнні AVIAINCIDENT. Паведамленне пацвярджаецца звесткамі сэрвісу Flightradar.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 4 снежня. Мяркуючы з раскладу на сайце менскага аэрапорта, борт павінен быў вылецець а 20.20, аднак час перанеслі на 21.10.
Як відаць на графіцы Flightradar, самалёт перасёк Расейскую паветраную прастору, але за Смаленскам змяніў курс і вярнуўся ў Менск.
Як піша AVIAINCIDENT, на ўсход ад расейскага горада Вязьмы на эшалоне 270 экіпаж паведаміў “аб праблеме з рухавіком" і прыняў пастанову вярнуцца на аэрадром вылету.
Пасадка ў Менску прайшла ў штатным рэжыме.