Краіны АПЕК+ прадоўжылі абмежаванні на здабычу нафты
5- 5.12.2024, 21:20
- 2,930
Да канца сакавіка.
Краіны АПЕК+ прадоўжылі добраахвотныя скарачэнні здабычы нафты на 2,2 млн бар. за дзень да канца сакавіка 2025 года, а абмежаванні на 1,65 млн бар. за дзень – да канца 2026-га, паведамляецца на сайце арганізацыі паводле вынікаў міністэрскай сустрэчы.
«Потым карэктаванне памерам 2,2 млн бар. за дзень будзе паступова скасоўвацца на штомесячнай аснове да канца верасня 2026 для падтрымання стабільнасці рынку», – сказана ў паведамленні.
Удзельнікі АПЕК+ таксама выказалі «найглыбейшую падзяку» Саудаўскай Аравіі за «непахісную прыхільнасць стабільнасці сусветнага рынку нафты».
Нафтавую ўгоду заключылі ў канцы 2023 года, першапачаткова яна была прымеркаваная да канца 2024 года. Тады ўдзельнікі АПЕК+ абвясцілі пра добраахвотныя скарачэнні здабычы нафты на першы квартал 2024 года памерам 2,2 млн бар. за дзень.
Гэтым летам яе прадоўжылі на 2025 год. Пры гэтым агульная квота краінаў на наступны год была падвышаная. Так, раней дазволены ўзровень здабычы нафты ўсіх удзельнікаў АПЕК+ складаў 39,425 млн бар. за дзень. Са студзеня 2025 года гэтая квота вырасце на 300 тыс. бар. праз ААЭ і складзе 39,725 млн бар. за дзень.
Reuters тлумачыць, што АПЕК+ была вымушаная некалькі разоў пераносіць скасаванне абмежаванняў праз скарачэнне сусветнага попыту і росту здабычы ў краінах, якія не ўваходзяць у арганізацыю. Без захавання дамоўленасцяў кошт нафты можа апусціцца да $50 за бараль, папярэджваў саудаўскі міністр энэргетыкі Абдулазіз бін Салман, пісала The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, аднак у АПЕК+ яе звесткі аспрэчылі.