У Расеі пачалося найбуйнейшае банкруцтва завода чыпаў
13- 6.12.2024, 19:33
- 24,350
Яго курыраваў блізкі да Уладзіміра Пуціна былы міністр сувязі.
У Расеі пачалося банкруцтва аднаго з найбуйнейшых вытворцаў чыпаў - кампаніі «Ангстрэм» (Зеленаград). У ёй уведзеная працэдура назірання, а пастанова аб прызнанні завінавачанага банкрутам была прынятая на заяву банка «Зеніт» 2 снежня 2024 г. Паводле матэрыялаў справы, у лістападзе 2019 г. суд спагнаў з «Ангстрэма» на карысць «Зеніту» 1 млрд рублёў, але грошы завод не вяртае больш за шэсць гадоў, піша The Moscow Times.
Завод быў знакавым для Расеі і павінен быў стаць найбуйнейшым гульцом у вытворчасці мікрачыпаў. Яго курыраваў блізкі да Уладзіміра Пуціна былы міністр сувязі Леанід Рэйман. Ён атрымаў дзяржфінансаванне на $1 млрд - яго кампанія ў 2008 годзе прыцягнула крэдытную лінію ЗЭБа ў суме 815 млн еўраў на стварэнне вытворчасці працэсараў, смарт-карт, электронных пашпартоў. Праект падтрымліваў урад і Савет бяспекі.
Назапасіўшы больш за 100 млрд рублёў запазычанасці, «Ангстрэм» нечакана перастаў плаціць па крэдытах. У 2014 г. «Ангстрэм» перастаў валодаць сродкамі для вядзення дзейнасці, адзначала падатковая служба. Паводле яе звестак, у «Ангстрэма» налічваецца 108 выканаўчых спраў на 147,6 млрд руб. Таксама ў яе маюцца няскончаныя судовыя разборы на больш чым 500 млн еўраў. Да студзеня 2019 года ЗЭБ забраў усё абсталяванне і акцыі завода і таксама падаў пазоў аб банкруцтве.
Рэйман адхіліўся ад праекту, але не пацярпеў. Улетку яго кампанія «Рутэк» атрымала льготы ад дзяржавы і пачала будаўніцтва новага завода на тэрыторыі асаблівай эканамічнай зоны (АЭЗ) «Сістэма» ў Саранску, паведамляў CNews. Інвестыцыі ў праект складаюць некалькі мільярдаў рублёў. Кампанія мае намер выконваць праекты па імпартазамяшчэнні - выпускаць смартфоны, кампутары, планшэты, ноўтбукі і тэлефонныя станцыі. Імпартазамяшчэнне ў яго кампаній не заўсёды праходзіць гладка – «айчынны» смартфон для чыноўнікаў «Р-фон» апынуўся дакладнай копіяй прылады Symphony Helio 80 з Бангладэш, хоць каштаваў утрая даражэй.