25 снежня 2024, Серада, 8:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вам пашанцавала, што ў мяне столькі ёсць!»

19
«Вам пашанцавала, што ў мяне столькі ёсць!»

Беларуска заплаціла 90 рублёў за 17 хвілінаў у таксі.

Мы адвыклі, адарваліся на рэестр і каэфіцыенты ў агрэгатара, а яны нікуды не падзеліся – тыя, хто возяць у таксі ад борта. У чэках, якія яны выдаюць часцей за ўсё спраўна, нічога не сказана пра падвышаны попыт. Там усё коратка і зразумела: амаль 90 рублёў за 17-хвілінную паездку – такі чэк атрымала чытачка Onlíner. Не ў Новы год, не ў дзень распродажаў, нават не ў Хаўер. Проста такія расцэнкі.

Ганна расказала карэспандэнту Onlíner, што ў пятніцу, 6 снежня, у дзённы час ехала са Ждановічаў у цэнтр Менска, на вуліцу Карла Маркса.

– Адкрыла дадатак, хацела выклікаць машыну, але чаканне было 10–18 хвілінаў. Я, можа, і чакала б, але так супала, што побач спыніўся аўтамабіль-таксі, з яго выйшлі людзі, – кажа суразмоўца. – Мы былі з дачкой, я ёй кажу, маўляў, спытай кіроўцу, можа, ён вольны? Кіроўца адказаў: «У мяне замовы няма – сядайце». Селі, паехалі, у мяне і ў думках не было, што трэба клапаціцца пра кошт – проста адвыкла ад такога.

Паводле словаў Ганны, калі яна падчас паездкі размаўляла на заднім сядзенні, кіроўца раптам спытаў: «А вы з Масквы, у Маскве жывяце?»

Адказ быў адмоўны, на гэтым зносіны, можна сказаць, скончыліся. Да таго моманту, калі Nissan Terrano спыніўся ў пункце высадкі на вуліцы Карла Маркса.

– Кіроўца агучыў кошт: 88 рублёў з капейкамі. Я адразу нават не зразумела. А ў яго лічыльнік, чэк, і, як потым высветлілася, недзе віселі расцэнкі небуйным шрыфтам, а там: пасадка – 25 рублёў. Калі б я гэта ўбачыла адразу – я толькі пасмяялася б і адразу ж выйшла б з машыны. Але не ўбачыла, цяпер буду разумнейшай – дзякуй за навуку, – не бянтэжыцца жанчына.

Спрачацца было цяжка, дый, як паказвае практыка, збольшага бескарысна.

– Ведаеце, рух на вуліцы Карла Маркса мала спрыяе таму, каб ладзіць разборкі. Мы пастараліся хутчэй выйсці з машыны, я аддала грошы. Сказала яшчэ: «Вам пашанцавала, што ў мяне ўвогуле столькі ёсць пры сабе. Пасля шопінгу ў дзяўчатаў рэдка нешта застаецца ў гаманцы», – з сумным смехам расказала Ганна.

Кіроўца з'ехаў. У Ганны застаўся чэк на памяць: 88 рублёў 29 капеек за паездку, якая доўжылася 17 хвілінаў.

Для разумення: у іншых папулярных сэрвісаў таксі ў Менску такая самая паездка прыкладна ў такі самы час дня каштавала б крыху менш ці крыху больш за 20 рублёў у залежнасці ад тарыфу. Нават бізнэс абыйшоўся б танней, чым адна толькі пасадка ў заяўленым цэтліку кіроўцы Nissan Terrano (аўтамабіль – радня Renault Duster).

– Я не тое каб добра разбіралася ў машынах, – задуменна дадала чытачка. – Але гэта, мякка кажучы, быў не «бізнэс»: ні камфортам, ні па чысцінёй. Кіроўца сталага веку, я думаю, бліжэй да 60.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках