«Пара! Пара!»: як у 1661 годзе беларусы паказалі, чый Магілёў
1- 1.02.2024, 9:19
- 6,466
Гісторыя паўстання бурмістра Леановіча.
Магілёўскае паўстанне 1 лютага 1661 года стала адной з самых яскравых старонак вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай (1654-1667 гг).
Паўстанне было запланаванае на 10 лютага 1661 года. Але раптам план давялося памяняць.
Раніца 1 лютага 1661 года не прадвяшчала нічога нечаканага. Гэты дзень Стрэчання Гасподняга - калі Маці Божая прынесла саракадзённага Ісуса ў храм хрысціць, у літвінаў, а таксама Дзень памяці прападобнага Макарыя Егіпецкага ў маскавітаў.
Горад павольна прачынаўся, гараджане збіраліся з раніцы на рынак, каб неяк адзначыць царкоўныя святы, а гандляры ўжо нетаропка раскладвалі свой тавар. Але тут на рынку з'явіліся маскавіты. Яны ішлі і нахабна хапалі выпечку з прылаўкаў. Адна гандлярка стала лаяцца на іх, за што атрымала ўдар у твар ад маскоўскага акупанта. На яе крык збегліся людзі з усяго рынку. Пачалася бойка. Стральцоў падчас бойкі жыхары Магілёва забілі: выплюхнулася назапашаная злосць.
Вось як гэта апісваецца ў Магілёўскай хроніцы «Запіскі ігумена Арэста»:
«У гэты дзень (на сакрэтны загад Магістрата) уначы таемна магілёўскія жыхары павыцягвалі крэмні са стрэльбаў маскоўскіх жаўнераў раскватараваных; раніцай 1-га лютага магістрацкія чыноўнікі і ганаровыя грамадзяне, сабраўшыся ў Ратушы са схаванай пад вопраткай зброяй, чакалі пэўнага часу ў гатоўнасці да пачатку паўстання.
Маскоўскія жаўнеры, не ведаючы пра тую змову мяшчанамі на іх знішчэнне, хадзілі па кірмашы натоўпамі, пачалі паводле звычаю свайго сілком браць і хапаць калачы прадажныя. Гандляры пачалі гучна крычаць, падаючы тым самым сігнал чальцам магістрата».
На кірмаш прыбег сам бурмістр Леановіч і, убачыўшы забітых стральцоў, зразумеў, што марудзіць нельга. Тады ён і крыкнуў: «Пара!»
Ігумен Арэст піша:
«На той крык бурмістр Леановіч з мячом ката, выбегшы з ратушы, перахрысціўшыся, крыкнуў: Пара! Пара! Зазваніў вечавы звон ратушы, і званы званіцы Богаяўленскага брацкага манастыра, падымаючы агульнагарадскую трывогу. Бурмістр Леановіч, з таварышамі, першы пачаў перад ратушай на рынку вялікім мячом секчы маскоўскіх жаўнераў, а мяшчане, пачуўшы звонавы трывожны гук, ва ўсім горадзе, ва ўсіх дамах і вуліцах, нечакана напаўшы, білі, калолі, рэзалі бердышамі, сякерамі, малаткамі і чым хто мог, вынішчаючы маскоўскіх жаўнераў без усялякай літасці.
Такі нечаканы напад на маскоўскі гарнізон, страшны крык і кровапраліцце ў адно імгненне вока пракацілася ва ўсім горадзе. І хоць гэты напад на маскоўскіх жаўнераў быў нечаканы – аднак яны былі людзі вайсковыя і пачалі на кірмашы браць верх над мяшчанамі. Падчас небяспекі частка змоўшчыкаў адбіла турму, у якой змяшчалася вялікая колькасць палонных жаўнераў Рэчы Паспалітай, якія, выбягаючы з турмы, адчайна біліся з маскавітамі і тым значную дапамогу мяшчанам надалі, так што цягам некалькіх гадзін забілі ва ўсім горадзе ўсё былое ў ім Маскоўскае войска. Падчас гэтай бітвы шмат паранена і забіта некалькі магілёўскіх мяшчан».
Тут Ігумен Арэст прапускае адну важную дэталь. Паводле плану паўстанцы збіраліся выбавіць частку гарнізона маскавітаў за сцены горада і там, за брамай, расправіцца з імі з дапамогай магілёўскіх шышоў-партызан. Для гэтага з горада выехаць павінен быў абоз. А затым у горад павінен быў прыбегчы з абозу чалавек з весткай, што на іх напалі Каралеўскія харугвы. У той момант, калі на ўяўную дапамогу з горада выйшаў бы атрад стральцоў, за імі б тут жа зачынілі браму. Партызаны з аднаго боку, а гараджане з другога стралялі б са сцен Магілёва і супольна ўдарылі б па маскавітах і расправіліся б з імі. Такім чынам, сямітысячны гарнізон маскавітаў рассякаўся б напалам. І вось гэты план - пра што не згадвае Арэст - як раз і атрымаўся, у адрозненне ад задумы з крэмнямі мушкетаў.
Трохтысячны атрад жаўдакоў і стральцоў, які выйшаў з горада, нібыта на дапамогу гінучым сялянам, быў нечакана атакаваны з двух бакоў, заціснуты ля сцяны і вынішчаны цалкам. Ад усіх 7000 маскавітаў засталося толькі 986 палонных. Толькі некалькі чалавек збегла з горада і далажыла цару жудасную для яго вестку – Магілёў паўстаў, усе акупанты перабітыя.
Арэст так апісвае лёс магілёўскіх маскавітаў:
«Пасля знішчэння войска Маскоўскага, мяшчане ваяводаў і чыноўнікаў, закаваўшы ў жалеза, пасадзілі ў турму. А забітых, абадраўшы з іх адзенне, пахавалі голымі, некаторых на гары Самусевай [сучасны раён аўтазапраўкі на плошчы Арджанікідзэ]...іншых пахавалі паблізу Пакроўскай багадзельні [сучаснае Падніколле]; а іншых у месцах, дзе можна было пахаваць.
Пасля пахавання знішчанага магілёўскімі мяшчанамі маскоўскага войска магістрацкія чыноўнікі: войт Пятро Казановіч, бурмістр Іосіф Леановіч і Васіль Леашкевіч, радцы Яўсевій Кандратовіч Шышкевіч, Аляксандр Фількевіч і пісар ратушны Антон Іванавіч Клікуноў для правядзення і дастаўкі ў Варшаву двух маскоўскіх ваяводаў Сямёна Савіча Гарчакова, Мацвея Андрэевіча Паліеўктава і верхавода стралецкага Сямёна Іванавіча Чэкіна і іншых афіцэраў, закутых у жалеза, самі асабіста адправіліся з Магілёва і шчасна даставілі».
У той час з гэтай нагоды быў у Варшаве сабраны з усіх ваяводстваў Рэчы Паспалітай вялікі сойм, на якім прысутнічаў і сам кароль Ян Казімір Ваза. На загад караля двух маскоўскіх ваяводаў з іншымі вайсковымі чыноўнікамі, закутых, пад вартай, публічна прадставілі на Варшаўскім сойме.
Кароль і ўсе чальцы сейма былі вельмі задаволеныя такім адважным учынкам магілёўскіх грамадзян. І за гэтую перамогу «чыноўнікам жа магістрацкім кароль усім дараваў дваранства і дваранскую маёмасць, дараваў адзнакай афіцэрскай, вайсковымі шаблямі, як бы на генеральнай бітве вызначыліся адвагай і перамогай». Гораду вярнулі Магдэбургскае права, як і даравалі яго здраду ў 1654 годзе.
Цікава, што бурмістра Язэпа Леановіча ўзнагародзілі не толькі матэрыяльна. Да ягонага прозвішча вызначылі дадаць ганаровае слова «Пара» - тое самае слова, што выкрыкваў Леановіч 1 лютага 1661 года, кідаючыся з мячом на ворага. Цяпер ягонае прозвішча пісалася і гучала як Пара-Леановіч.