Юозас Алекас: Пазіцыю ЕЗ у дачыненні да Лукашэнкі трэба змяніць
10- 15.02.2024, 14:13
- 12,858
Брусэль павінен перайсці да актыўных дзеянняў.
Еўразвяз можа паўплываць на рэжым Лукашэнкі, калі пяройдзе да актыўных дзеянняў, сярод іншага — пачне рабіць больш жорсткімі санкцыі.
Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту Charter97.org выказаў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту Беларусі, еўрадэпутат, экс-кіраўнік Мінабароны і Міністэрства аховы здароўя Літвы Юозас Алекас.
- На працягу апошніх 12 месяцаў лінія фронту на Украіне заставалася даволі стабільнай, не было значных тэрытарыяльных заваёў або страт. Якія наступствы для Беларусі цягне за сабой падобная да патавай сітуацыі ва Украіне?
- У 2022 годзе ўкраінцы вызвалілі каля паловы акупаваных тэрыторый. Мы ўсе хацелі большага прагрэсу ў 2023 годзе, але пасля акупацыі часткі Украіны Расея падрыхтаваліся да контрнаступу: яны замінавалі большую частку тэрыторый, разбурылі Кахоўскую плаціну. З іншага боку, расейская эканоміка працуе як эканоміка вайны, тады як падтрымка з боку Еўропы і ЗША зменшылася. Пазіцыя рэспубліканцаў у Кангрэсе ЗША і Орбана ў Еўразвязе стварае сітуацыю, калі нашай падтрымкі недастаткова для рэальнага наступу ва Украіне.
Але ўсё ж, я думаю, украінскі дух і падтрымка з боку Еўропы (напрыклад, тут, у Еўрапейскім парламенце, у нас з'яўляецца ўсё больш і больш моцных прыхільнікаў Украіны) - гэта наша надзея на тое, што ўрэшце ўкраінцы даб'юцца поспеху, і гэта дапаможа стварыць больш дэмакратычны ўплыў на Беларусь. Дачыненні паміж рэжымам Пуціна і рэжымам Лукашэнкі моцныя, але калі Расея зазнае паразу ва Украіне, а ўкраінцы даб'юцца поспеху, я думаю, гэтыя дачыненні будуць сапсаваныя.
- Давайце разгледзім сцэнар, калі ва Украіны не будзе іншага выбару, акрамя як дамовіцца з Расеяй дзесьці пасярэдзіне. Дзе ў такім выпадку будзе Беларусь?
- У гэтым выпадку, я думаю, гэта толькі пытанне часу. Літва была пад акупацыяй 50 год. Блізу 10 гадоў мы ваявалі са зброяй у лясах, шматлікія нашы маладыя мужчыны і жанчыны былі забітыя. Потым з Літвы было дэпартавана больш за 200 тысяч чалавек. Але пасля гэтага, дзякуючы супраціўленню, мы вызвалілі нашу краіну праз 50 гадоў.
Гэты рэжым [Лукашэнка] не пратрымаецца 50 гадоў. Думаю, што беларускі народ дасягне дэмакратыі і сапраўднай незалежнасці раней. Усе таталітарныя рэжымы прыходзяць да канца. Рана ці позна, але змены прыйдуць. У нас ёсць некаторыя цяжкасці, але рэальнае жыццё ў дэмакратычных краінах значна лепшае, чым у аўтарытарных рэжымах.
- Адной з важных прычын распаду СССР быў дрэнны стан эканомікі. Сёння Расея знайшла спосабы абысці санкцыі. Беларусь, напрыклад, з'яўляецца буйным цэнтрам абыходу санкцый супраць Расеі. Ці ёсць у ЕЗ разуменне, што, калі не будзе сінхранізацыі санкцый супраць гэтых двух рэжымаў, Беларусь застанецца буйным хабам у абходзе санкцый?
- З самага пачатку і да гэтага часу ў ЕЗ былі розныя падыходы да Расеі і Беларусі, нягледзячы на гэта вельмі шчыльнае супрацоўніцтва. Падтрымка Пуціна ў Расеі вельмі высокая — уплыў расейскай прапаганды на грамадзян Расеі дастаткова моцны (некаторы супраціў ёсць, але падтрымка Пуціна ўсё роўна моцная). У Беларусі больш людзей, якія супраць рэжыму. Яны могуць здавацца спакойнымі, але, паводле розных даследаванняў грамадскай думкі, яны супраць [рэжыму]. З гэтай прычыны санкцыі былі розныя, бо ўсе санкцыі дзейнічаюць не толькі супраць рэжыму, яны таксама ўплываюць на жыццё простых людзей.
Так што ў гэтым была прычына нейкай розніцы, але рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі працягваюцца і, я думаю, расце гатоўнасць прыняць санкцыі на тым жа ўзроўні, што і супраць Расеі. Палітыкі тут, у Брусэлі, гавораць аб неабходнасці сінхранізацыі санкцый і, магчыма, увядзення іншых інструментаў, напрыклад, нейкага ваеннага падатку ў гандлі паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю, а таксама Расеяй. Думаю, мы ўбачым пастанову на наступнай Радзе ЕЗ. У будучыні эканамічныя абмежаванні, думаю, будуць мацнейшымі і будуць уплываць не толькі непасрэдна на рэжым, але і на кампаніі, якія працягваюць гандляваць з Беларуссю ці Расеяй.
- Мікалая Статкевіча называюць ворагам нумар адзін Лукашэнкі. За апошні год навін ад яго няма. Няма ні лістоў, ні спатканняў, ні пасылак з лекамі. Растуць асцярогі з нагоды яго магчымай смерці. Нядаўна ўлады кінулі ў турму ягоную жонку Марыну Адамовіч. Што рабіць у выпадку з Мікалаем Статкевічам?
— Я думаю, нам трэба змяніць пазіцыю Еўразвязу, так бы мовіць, рэакцыі пасля таго, як падзея адбылася, на больш актыўную. Мая прапанова была б пачаць узмацняць санкцыі, кажучы, што калі вы не дасце інфармацыю пра Статкевіча і астатніх, санкцыі будуць узмоцненыя. ЕЗ павінен сказаць: "Калі вы працягнеце рэпрэсіі, калі вы працягнеце ізаляцыю палітычных зняволеных, мы ўзмоцнім нашу контрдзейнасць". Асноўная мэта - пераканаць рэжым спыніцца або зрабіць крок назад і пачаць вызваляць зняволеных, а не арыштоўваць іх сваякоў і адвакатаў.
Без гэтай ініцыятывы, думаю, рэпрэсіі працягнуцца. Мая прапанова еўрапейскім інстытутам - быць больш актыўнымі.
- Якія самыя важныя і складаныя задачы ў працы кіраўніка Дэлегацыі Еўрапарламенту ў сувязях з Беларуссю?
- Пасля 2020 года мы не прызнаем рэжым. Нашая дзейнасць накіраваная на дачыненні з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Мы арганізуем розныя мерапрыемствы, на якіх абмяркоўваем бягучую сітуацыю ўнутры Беларусі, а таксама становішча беларусаў, якія жывуць у выгнанні, і тое, як мы можам дапамагчы. Мы стараемся вырашаць праблемы, звязаныя з падтрымкай і рэабілітацыяй палітвязняў і іхніх сваякоў. Мы абмяркоўваем, як мы, ЕЗ, можам дапамагчы падрыхтаваць змены ў Беларусі і падрыхтавацца да падтрымкі будучай дэмакратычнай Беларусі.
Звычайна ў дэлегацый ёсць магчымасць ездзіць па краінах, праводзіць нейкія супольныя мерапрыемствы з уладамі - у нашай дэлегацыі такога няма, але мы дастаткова актыўныя. Я сказаў бы, што мы адна з самых актыўных дэлегацый Еўрапарламента.
- Нядаўна вы напісалі лісты беларускім палітвязням. Не маглі б вы расказаць пра гэта падрабязней?
- Не толькі нядаўна. Я пачаў пісаць лісты больш за год таму, калі ў рамках ініцыятывы Еўрапейскага парламента мы, дэпутаты Еўрапарламента, уключаючы прэзідэнта, разаслалі сотні такіх лістоў.
Я не думаю, што нашыя лісты да іх даходзяць. Пакуль мы не атрымалі ніводнага адказу. Можа быць, яны асядаюць у КДБ ці ў кабінетах турэмнага начальства, але ў нас у Літве кажуць: "Кропля камень дзяўбе". Я думаю, наша дзейнасць паказвае, што пра іх не забываюцца, што яны не адны, што людзі пра іх думаюць, нешта робяць, можа, і дробязі.
Напрыклад, Мікалаю Статкевічу мы дасылалі лісты тры ці чатыры разы. Таксама мы даслалі лісты турэмнай адміністрацыі, у якіх гаварылася, што яны нясуць адказнасць. Палітычныя зняволеныя маюць права кантактаваць са знешнім светам, адпраўляць і атрымліваць карэспандэнцыю.
Работнікі турэмнай адміністрацыі спрабуюць іх ізаляваць, кажучы: “Вы ў самоце. Ніхто вамі не цікавіцца”. Я б сказаў, гэта чарговы від катаванняў. Думаю, нам трэба працягваць гэтыя і іншыя мерапрыемствы, каб паказаць, што Еўропа не забылася пра гэтых людзей і будзе памятаць іх да таго часу, пакуль у Беларусь не вернецца дэмакратыя.