«Гэта сігнал для Пуціна і Лукашэнкі»
11- 18.04.2024, 20:45
- 43,274
Няўдача Ірана шакавала двух дыктатараў.
Ізраіль і супольнікі збілі 99 адсоткаў паветраных цэляў, запушчаных Іранам. Заходнія СМІ пасля гэтага шмат пісалі пра вайсковую слабасць Тэгерана.
Ці назіралі Лукашэнка і Пуцін за гэтай няўдачай іранскай зброі? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з кіраўніком украінскай грамадскай арганізацыі "Заходні інфармацыйны фронт", сузаснавальнікам Беларускага інфармацыйнага цэнтра ў Львове Юрыем Кміцем.
«Гэта шок для Лукашэнкі і Пуціна»
- З часоў Другой сусветнай вайны Расея не сутыкалася з рэальнай вайсковай сілай. Расея і СССР мелі некалькі лакальных войнаў, дзе яны ў некалькі разоў перавышалі сваімі сіламі і тэхнікай супраціўніка. Можна ўспомніць Афганістан ці тое ж Прыднястроўе, гэта ўсё былі войны праўзыходнай сілай Расеі са слабым супраціўнікам.
Вайна ва Украіне - гэта першы канфлікт, які паказаў сапраўдную сілу расейскага войска, вайсковых тэхналогій і магчымасцяў.
Паказальны іранскі ўдар па Ізраілі - гэта матэрыял для аналітыкі для расейскіх генералаў, амерыканскіх генералаў і для іншых экспэртаў, які паказаў некалькі важных момантаў.
Па-першае, 50% балістычных ракет увогуле не даляцела да цэлі, а гэта тыя самыя ракеты, якія па расейскіх тэхналогіях зрабіў Іран. Начынне расейскіх ракет прыблізна такой жа якасці.
Другое - сістэмы СПА збілі 99% ракет. Калі Расея з той жа якасцю ракет захоча ўдарыць па NАТО ці Злучаным Штатам, то будзе той жа эфект, саб'юць 99% ракет. Гэта паказальны момант, што сілы няроўныя, у Расеі няма шанцаў у вайне з NАТО, гэта шок для Лукашэнкі і Пуціна. І добры момант для заходняга свету.
«Сітуацыя зараз разгортваецца на карысць Украіны»
Я ўвогуле разглядаю гэты напад як трэці акт сусветнай вайны паміж дэмакратыямі і дэспатыямі, паміж уніяй заходняга альянсу і саюзам аўтакратый — Расеі, Ірана, Паўночнай Карэі. Першым актам была Украіна, другі акт - гэта ХАМАС, які атакаваў Ізраіль у дзень нараджэння Пуціна, а трэці акт - гэта непасрэдны напад Ірана на Ізраіль, першы ў гісторыі.
Хачу падкрэсліць, што гэты напад не меў ніякіх юрыдычных абгрунтаванняў, таму што Ізраіль ударыў па генерале, які нібыта знаходзіўся ў пасольстве Ірана на тэрыторыі Сірыі. Але ўдар гэты прыпаў не на будынак пасольства, а на будынак дома каля пасольства, які не з'яўляецца афіцыйным будынкам амбасады. Таму расцэньваць удар як магчымасць пачаць вайну - няма ніякіх падстаў, ніякага аргументавання.
Сітуацыя зараз разгортваецца на карысць Украіны, бо гэтая крышталізацыя варожых блокаў, Іран-Расея-ХАМАС супраць Ізраіль-ЗША-Украіна-Захад, вельмі якасна паказала расстаноўку сіл і вайсковых патэнцыялаў.
Вы ж бачыце, што ў абароне Ізраіля нечакана брала ўдзел Ярданія, дапамагалі выведвальнымі звесткамі Егіпет, Савудаўская Арабія, Вялікабрытанія, Францыя. Утварыўся цікавы альлянс. Супраць каго? Супраць Ірана, Расеі, Паўночнай Карэі і Кітая, які далучыўся са спачуваннямі.
"Пекін знаходзіцца ў складанай геапалітычнай сітуацыі"
Яшчэ адзін вельмі цікавы момант, на які я б хацеў звярнуць вашу ўвагу. Кітаю ўвогуле невыгодная сітуацыя, якая зараз разгортваецца, таму што калі Байдэн саступіць на выбарах, то да ўлады прыйдзе Трамп. А Трамп - вораг Кітая, яго падтрымлівае частка бізнэсу, для якога Кітай з'яўляецца канкурэнтам.
Мара гэтага бізнэсу - пакласці кітайскую вытворчасць у нуль, таму Пекін знаходзіцца ў складанай геапалітычнай сітуацыі. З аднаго боку, ён не можа дапусціць, каб Расея саступіла, бо гэта іх стратэгічны супольнік у барацьбе супраць Злучаных Штатаў. З іншага боку - яны не могуць дапусціць, каб перамог Трамп, гэта ім нявыгадна з многіх прычын, у тым ліку - і праз сваю унутраную запазычанасць, фінансавы крызіс, шэрагу іншых.
У Кітая ёсць процьма праблем, якія трэба фінансава развязваць. Калі яны ўваходзяць у канфлікт з Захадам, то ў іх не будзе магчымасці рэінвеставаць у пазыкі ці неяк гэтыя пазыкі абслугоўваць. Унутраная запазычанасць кітайскіх правінцый дасягнула такіх памераў, што ўрад змушаны быў забараніць магчымасць атрымання для іх новых крэдытаў. Дзевяць правінцый Кітая маюць запазычанасці, абслугоўванне якіх забірае больш за іх гадавы бюджэт.
Гэта шалёная сітуацыя, якая рана ці позна павінна нейкім чынам развязацца. Што чакае Кітай? Кітай чакае ці вайна, ці пазыковая яма ў Злучаных Штатах Амерыкі, бо гэту ўнутраную пазыку, 9 ці 12 трыльёнаў даляраў, трэба нечым сплачваць. Калі гэтага своечасова не зрабіць, то адбудзецца падзенне банкаў, вытворчасці, беспрацоўе, блэкаўт і рэвалюцыя. Яны гэта выдатна разумеюць, таму пытанне заканчэння вайны для іх вельмі актуальнае. Але Кітаю трэба скончыць вайну ў Еўропе так, каб Расея не саступіла, а Байдэн перамог на выбарах. Як яны з гэтага выкруцяцца, я не ведаю.
“Вытрымалі ўдар? Тады зараз атрымаеце з Беларусі па Літве”
- Вы звярнулі ўвагу на паказальныя моманты, звязаныя з перавагай заходняга ўзбраення, як гэта можа паўплываць на мілітарысцкія планы Пуціна і Лукашэнкі?
- Гэта будзе стрымлівальным чыннікам. Скажам так, калі Пуцін шалёны, Лукашэнка таксама, то іх генералы, аналітыкі, асабліва аналітычныя службы выведкі ФСБ РФ і беларускага КДБ, яны ж не дурныя людзі. Яны рэальна разумеюць сітуацыю, а пасля гэтага нападу, натуральна, будзе зроблены аналіз, яны будуць прымяраць гэтую падзею на магчымыя наступныя акцыі.
Напрыклад, наступнай акцыяй магла б быць атака з боку Беларусі на Літву ў бок Калінінграда, на Сувалцкі калідор. Яны будуць прымяраць, як будзе ў гэтым выпадку. Наступнай акцыяй з боку Пуціна мог бы быць нейкі прымежны канфлікт паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй, нейкая атака.
Каб разумець гэта ўсё, трэба ўявіць сабе, што Пуцін з Байдэнам гуляе ў шахматы. Яны гуляюць у шахматы на ўсім полі, шахматная дошка - гэта карта свету. Пуцін лічыць сябе такім супергульцом, які кажа: “Ага, вы мне там ва Украіне замінаеце захапіць, я вам зраблю ход ХАМАСам па Ізраілі. Атрымалі ХАМАСам? Цяпер атрымаеце Іранам па Ізраілі. Вытрымалі ўдар? Тады зараз атрымаеце з Беларусі па Літве. Як вы гэта ўсё вытрымаеце? Вытрымалі? Цяпер атрымаеце Паўночнай Карэяй па Паўднёвай”.
Гэта вялікая геапалітычная гульня, у якой Пуцін сябе лічыць нечым сярэднім паміж Напалеонам і Гітлерам. Мы ведаем, чым яны скончылі. Думаю, канец пуцінскай імперыі ўжо блізкі, пік яе магутнасці ўжо мінуў.
“Украіна здымае гэтыя страхі”
- Як вы думаеце, колькі ва ўсёй гэтай «гульні мускуламі» ў выкананні Пуціна праўды, а колькі прапаганды? Ці сапраўды Крэмль такі моцны, як хоча здавацца?
— Заходні свет недаацэньвае прапагандысцкую сутнасць машыны Пуціна, яе моц у разы большая за рэальную вайсковую моц расейцаў. У іх працуе лозунг "галоўнае - не тое, што ты ёсць, галоўнае тое, чым ты здаешся", гэта такі расейскі варыянт прыказкі "у страху вочы вялікія".
Доўгі час, спекулюючы на пэўных рэчах, Пуціну ўдавалася Захад трымаць у такім страху: Грузія, Прыднястроўе, беспакаранасць, боязь ядзернага ўдару і гэтак далей. Але Украіна здымае гэтыя страхі, калі паглядзець на статыстыку, украінцы не баяцца ядзернага ўдару. Я думаю, украінская нацыя - адзіная ў свеце, якая не толькі не баіцца расейцаў, а проста імі пагарджае, не баіцца, дае адпор.
Чаму Захад саступае Расеі ў псіхалагічнай вайне? У РФ іншыя падыходы ў псіхалогіі чалавека, яны танчэй адчуваюць менталітэт людзей. Расея на працягу 20 гадоў мільярды даляраў укладвалі ў карупцыю заходніх чыноўнікаў і палітыкаў, яна мільярды даляраў укладвала ў ідэалагічную апрацоўку ўласнага народа.
“Адзінае, дзе яны не могуць неяк сябе праявіць, гэта Турцыя, ісламскі свет і Кітай».
Ёсць два спосабы добра жыць са сваім народам: дзяліцца з людзьмі грашыма, як гэта робяць развітыя краіны, ці не даваць грошай, але трымаць у ідэалагічным падпарадкаванні. Ідэалогія прымушае бедных ваяваць і служыць багатым гаспадарам. Такі прынцып дзяржаўнасці мы бачым у Паўночнай Карэі, дзе хлеб замянілі ідэалогіяй, у шыіцкім Іране, дзе рэлігійны фанатызм замяняе людзям добрыя заробкі і дэмакратычныя прынцыпы.
Паміж Іранам і Расеяй няма асаблівай розніцы ў таталітарным кіраванні і мысленні. Там стварылі штучную ідэалогію “расейскага свету” і штучную недаімперыю, якая ў падпарадкаванні трымае мільёны людзей, якія бедныя і няшчасныя, але вераць у нейкую светлую будучыню гледзячы тэлевізар.
Расея - адзіная краіна, у якой інстытуты КДБ-ФСБ апрацоўвалі і вучылі інжынераў сацыяльнага праектавання, нідзе ў свеце такой прафесіі няма. Вось яны і праектуюць псіхалагічна сваімі робатамі выбары ў Злучаных Штатах, праектуюць паўстанне “жоўтых камізэлек” у Францыі, праектуюць пратэсты супраць дапамогі Украіне ў Нямеччыне, яны паўсюль.
Адзінае, дзе яны не могуць неяк сябе праявіць, гэта Турцыя, ісламскі свет і Кітай, там расейскіх агентаў вельмі хутка выкрываюць праз значнае адрозненне і непадабенства менталітэту.
У вайсковым плане яны ніякіх поспехаў не здзейснілі, бо тыя тэрыторыі, якія яны занялі ва Украіне, гэтыя міні-поспехі, былі дасягнутыя вар'яткай колькасцю тэхнікі і ахвяр з боку войска. Гэта поспехам назваць нельга. Калі ты забіраеш кіламетр тэрыторыі тысячамі жыццяў, гэта не поспех, гэта параза.