Лукашэнка ператварыўся ў ручнога шпіца Пуціна
19- Наталля Радзіна
- 8.04.2024, 12:54
- 19,184
Ёсць некалькі версій, чаму дыктатар загаварыў пра вайну.
Ці ёсць пагроза паўторнага наступу расейцаў на Кіеў з тэрыторыі Беларусі? Ці кантралюе Лукашэнка сваё войска? Што стаіць за словамі дыктатара аб падрыхтоўцы да вайны? Пра гэта і не толькі ў інтэрв'ю ўкраінскаму Radio NV расказала галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.
Наталля Радзіна пракаментавала інфармацыю экспэртаў амерыканскага Robert Lansing Institute (RLI) аб тым, што расейскія спецслужбы рыхтуюць тэракт на тэрыторыі Беларусі, каб «уцягнуць Лукашэнку ў вайну»:
- Шчыра кажучы, проста не бачу ў гэтым сэнсу. Мяне збянтэжылі некалькі момантаў. Што значыць «уцягнуць Беларусь у вайну»? Беларусь удзельнічае ў вайне ўжо трэці год. Уцягнуць яе яшчэ больш (а гэта прымусіць уступіць беларускае войска ў вайну) можна і без тэрактаў, арганізаваных ФСБ. Калі на тое будзе жаданне Пуціна, Лукашэнка не зможа яму адмовіць, беларускае войска ўступіць у вайну. Пакуль жа Беларусь выкарыстоўваецца Расеяй у якасці плацдарму.
Трэба разумець, што беларусы адрозніваюцца ад расейцаў. У нас ужо былі досведы сваіх тэрактаў, арганізаваных уладамі, як гэта было ў красавіку 2011 года, калі адбыўся выбух у менскім метро, каб супакоіць насельніцтва пасля фальсіфікацыі выбараў у 2010 годзе і дэвальвацыі рубля. Сёння ніхто не паверыць, што Украіна можа арганізаваць на тэрыторыі Беларусі тэракт.
Наколькі магчымы паўторны наступ на Кіеў з тэрыторыі Беларусі? Беларуская журналістка мяркуе, што гэта рэальны сцэнар:
- Сам Лукашэнка не пойдзе на такі крок, гэта будзе пастанова Пуціна. Я б не стала выключаць такі варыянт падзей. Калі будзе неабходнасць захопліваць Кіеў, ісці на Украіну з поўначы, гэта можа адбыцца. Я разумею, што сёння мяжа ўмацаваная, увайсці ва Украіну дастаткова складана, там мінныя палі. Аднак што перашкодзіць расейцам пусціць па гэтых палях сваіх вайскоўцаў. Успомнім досвед Другой сусветнай вайны: стратэгія Жукава, «мясныя штурмы».
Нагадаю, што на тэрыторыі Беларусі размяшчаецца расейская ядзерная зброя. Гэтаму паўторнаму наступу на Кіеў з тэрыторыі Беларусі можа папярэднічаць удар тактычнай ядзернай зброяй.
Я разумею, што ў беларускім войску сёння няма магчымасці сказаць «не». Думаю, што малаверагодныя нейкія салдацкія бунты і непадпарадкаванне. Па-першае, войска Беларусі моцна інтэграванае ў расейскае. Сам Лукашэнка сёння не кіруе беларускім войскам і сілавымі структурамі. Калі будзе такі загад, яны пойдуць ва Украіну разам з расейскімі войскамі. Адзінае, на што я спадзяюся, гэта тое, што беларусы будуць масава здавацца ў палон і не будуць ваяваць супраць украінцаў.
Наталля Радзіна расказала і пра падрыхтоўку да вайны ў Беларусі:
- Пастаянна ідуць вайсковыя зборы, у тым ліку - рэзервістаў. Цяпер позвы будуць уручацца не толькі ў папяровай версіі, але і праз СМС. Адбываюцца вучэнні тэрытарыяльнай абароны, фармаванне так званых народных апалчэнняў. У Беларусі гэта былыя сілавікі і людзі, якія лаяльныя да рэжыму. Як такая падрыхтоўка да вайны, пра якую сказаў Лукашэнка, адбываецца. Але зразумела, што ніхто на Беларусь нападаць не збіраецца - ні Украіна, ні NАТО. Ёсць некалькі версій, навошта ён гэта сказаў.
Па-першае, гэта служыць умацаванню рэжыму. Пошук вонкавых ворагаў - распаўсюджаная сярод дыктатараў з'ява. З іншага боку - відавочна, што Лукашэнка разумее, што тэрыторыя Беларусі можа стаць полем для ваенных дзеянняў. Ён разумее, што існуюць намеры Крамля ажыццяўляць атакі з тэрыторыі Беларусі як ва Украіну, так і супраць краін Захаду. Мы бачым вайсковыя вучэнні, якія праходзяць на мяжы з Літвой. З'явілася інфармацыя аб размяшчэнні на мяжы з Польшчай 6-й механізаванай брыгады, якая прыведзеная ў баявую гатоўнасць.
Наталля Радзіна мяркуе, што Лукашэнка небяспечны і давяраць яму нельга:
- Думаю, што ў цяперашняй сітуацыі не трэба чакаць, калі стрэльба, якая вісіць на сцяне, стрэліць. Трэба разумець, што Лукашэнка небяспечны, давяраць яму нельга. Ніякія дамоўленасці з ім не працуюць.
Трэба ствараць на тэрыторыі Украіны сур'ёзнае беларускае вайсковае падраздзяленне - дывізію на аснове палка Каліноўскага. Паверце мне, беларусы пойдуць ваяваць у значна большай колькасці, калі будуць ведаць, што ёсць шанц вызваліць іх краіну.
Таксама мне імпануе прапанова, якую выказвае амерыканскі гісторык Юры Фяльшцінскі. Ён кажа, што ў сувязі з тым, што ўзровень пагроз, які зыходзіць з тэрыторыі Беларусі, неймаверна вырас, у тым ліку - з-за размяшчэння расейскай ядзернай зброі, неабходна думаць аб увядзенні войскаў NАТО на тэрыторыю Беларусі.
Дарэчы, ён казаў аб трох умовах, якія могуць прывесці Украіну да перамогі.
Гэта, вядома ж, пастаўка ўсіх неабходных узбраенняў, у тым ліку - дальнабойных ракет. Другое - магчымасць біць па цэлях, уключаючы Маскву. Трэцяе - вызваленне Беларусі, таму што гэты балкон, які навісае над Украінай, вельмі небяспечны.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org перасцерагае Кіеў ад ілюзій аб магчымасці «дамовіцца з Лукашэнкам»:
- Усе гэтыя трыццаць гадоў Лукашэнка ўтрымліваецца ва ўладзе дзякуючы падтрымцы Расеі. Ён сам апынуўся ў сітуацыі марыянеткі, бо РФ карміла гэты рэжым і падтрымлівала яго. У 2020 годзе, калі мільён беларусаў выйшаў пратэставаць, Лукашэнка ўтрымаўся толькі дзякуючы расейскай дапамозе. У абмен на гэта ён стаў абсалютна лаяльны да Крамля.
Сёння ён не можа сказаць Пуціну: «Дзякуй, Вова, за падтрымку. За тое, што ты ўклаў у мой рэжым. Прабач, далей я сам». Так не атрымаецца. Ён разумее, што пражыве пасля гэтага гадзіну-дзве, ноч - максімум. Сёння Лукашэнка - ручны шпіц Пуціна. Не больш за тое.