8 лiстапада 2024, Пятніца, 2:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна ў «Gazecie Wyborczej»: Беларусь будзе вольнай!

11
Наталля Радзіна ў «Gazecie Wyborczej»: Беларусь будзе вольнай!
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Салідарнасць - гэта нашая агульная апора.

«У беларускім грамадстве захоўваецца нянавісць да рэжыму і непрыняцце вайны ва Украіне», - пад такім загалоўкам у выданні «Gazeta Wyborcza» апублікаваны артыкул галоўнай рэдактаркі сайта Charter97.org Наталлі Радзінай.

Беларуская журналістка мяркуе, што перамены ў Беларусі непазбежныя. У сваім артыкуле яна заклікае польскія ўлады ўзмацняць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі і дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасці і СМІ.

Сайт Charter97.org падае пераклад артыкула на беларускую мову:

— Напярэдадні 2020 года я казала многім знаёмым палітыкам і журналістам у Польшчы, што Лукашэнка саступіць на будучых прэзідэнцкіх выбарах, і ў Беларусі непазбежна будзе рэвалюцыя. Тады мне ніхто не верыў. Нават дыпламаты, якія працуюць і жывуць у Менску, запэўнівалі мяне, што дыктатура па-ранейшаму стабільная і ніякіх пратэстаў у краіне не будзе. Яны памыліліся, і палітыкам давялося літаральна на хаду пераабувацца і пераналаджваць стасункі з суседняй краінай.

Цяпер я назіраю ў польскім грамадстве прыкладна такія ж настроі, як і напярэдадні рэвалюцыйных падзей 2020 года. Беларусь падаецца палякам нейкім безнадзейна страчаным краем, які знаходзіцца пад поўным уплывам Масквы, і ніякіх перамен там чакаць не даводзіцца.

І я зноў хачу сказаць, што гэта памылка, бо перамены ў Беларусі непазбежныя. У адрозненне ад Расеі, дзе сітуацыя значна больш складаная праз лаяльнасць большасці электарату да рэжыму Уладзіміра Пуціна, у Беларусі ўлада Аляксандра Лукашэнкі не мае падтрымкі народа. Так, дыктатар пакуль застаецца ля стырна, але выключна дзякуючы вайсковай і фінансавай падтрымцы з боку Крамля. Падтрымка гэтая зусім не гарантаваная ў будучыні, бо Расея змушаная сёння марнаваць на вайну ва Украіне велізарныя рэсурсы.

Беларусы засталіся ранейшымі, такімі ж, як на кадрах, якія ў 2020 годзе абляцелі ўвесь свет - еўрапейскім народам, які прагне свабоды. На жаль, пратэсты за таталітарызмам і фактычнай расейскай акупацыяй ў краіне пакуль немагчымыя, але ў грамадстве захоўваецца нянавісць да нелегітымнага рэжыму і поўнае непрыманне вайны супраць Украіны.

Сёння на першы план выходзіць палітыка Захаду ў дачыненні да Беларусі, і менавіта яна мае вызначальнае значэнне.

Я больш за 25 гадоў працую журналісткай і добра памятаю ўсе перыяды пацяплення і ахаладжэння стасункаў Лукашэнкі з Захадам. На жаль, заходняя палітыка ў дачыненні да маёй краіны заўсёды грунтавалася па прынцыпе "новае - гэта добра забытае старое". Практычна пасля кожных прэзідэнцкіх выбараў, якія дыктатар бессаромна фальсіфікаваў і наступных масавых рэпрэсій, уводзіліся санкцыі. Як правіла, яны былі недастатковыя і насілі хутчэй сімвалічны характар: напрыклад, візавыя абмежаванні для чыноўнікаў і супрацоўнікаў карных органаў. Праз год-два максімум абвяшчалася, што "санкцыі не працуюць" і трэба ўсё ж ісці на кантакт з урадам, каб такім чынам "адцягнуць" Лукашэнку ад Масквы і прымусіць яго пайсці на пэўную лібералізацыю.

Як правіла, на палітычную сітуацыю ўнутры краіны гэта не мела ніякага ўплыву, хаця на словах заходнімі палітыкамі пастаянна дэкларавалася падтрымка дэмакратыі і свабоды ў нашай краіне. Але што сапраўды развівалася ў выніку гэтых кантактаў, дык гэта гандаль, які з улікам шчаслівага геаграфічнага становішча Беларусі ішоў на ўсе застаўкі. Мы ўсе добра памятаем, як актыўна з 2014 года праз тэрыторыі Беларусі ішлі заходнія тавары ў Расею, нягледзячы на ўведзеныя за акупацыю Крыма і Данбаса санкцыі, якімі вялікімі былі аб'ёмы польскіх прадуктаў, якія пастаўляюцца ў Беларусь. І адсутнасць дэмакратыі і палітычныя рэпрэсіі ніяк не маглі перашкодзіць гэтаму квітнеючаму эканамічнаму супрацоўніцтву.

Але грымнуў 2020 год і, здавалася, што тое жахлівае беззаконне, якое ўчыніў Лукашэнка, расправіўшыся на вачах ва ўсяго свету з мірнымі пратэстоўцамі, пакладзе канец нерашучасці заходніх палітыкаў, што будуць уведзеныя сапраўды моцныя эканамічныя санкцыі, якія дапамогуць разбурыць дыктатуру. Аднак першыя эканамічныя абмежаванні супраць рэжыму сталі ўводзіцца занадта позна: першыя рэальныя санкцыі (візавыя абмежаванні не маюць значэння) былі ўведзеныя толькі ў траўні 2021 года, калі Лукашэнка ўчыніў прамы тэрарыстычны акт, пасадзіўшы ў Менску самалёт міжнароднай авіякампаніі дзеля арышту блогера на яго борце. Але грамадзянскія пратэсты тады ўжо былі задушаныя, і беларускія турмы сталі запаўняцца тысячамі палітвязняў.

Пасля эканамічныя абмежаванні супраць рэжыму ўводзіліся за так званы міграцыйны крызіс і спланаваныя рэжымам атакі межаў з Польшчай, Літвой і Латвіяй, і, нарэшце, у 2022 годзе, калі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ўвайшлі расейскія войскі і пачаўся ракетны абстрэл украінскіх гарадоў.

Сёння заходнім палітыкам важна зрабіць высновы з памылак мінулага і выпрацаваць дзейсную стратэгію ў дачыненні да Беларусі. Ніякія перамовы з дыктатарам немагчымыя. Лукашэнка сёння настолькі слабы і залежым ад Пуціна, што страціў магчымасць для правядзення якой-небудзь самастойнай палітыкі. Акрамя таго, падзеі 2020 года і масавыя пратэсты супраць чарговай фальсіфікацыі выбараў пасеялі ў ім такі страх, што толькі наіўны можа разлічваць на якое-небудзь аслабленне палітычных рэпрэсій унутры краіны. Разбурыць яго можа перамога Украіны ў вайне, якую ён вядзе разам з Пуціным вось ужо трэці год, а таксама кансалідаваная моцная палітыка Захаду.

Толькі магутныя эканамічныя санкцыі, жорсткае прытрымліванне ўведзеных абмежаванняў, блакаванне ўсіх шляхоў абыходу гэтых санкцый прыватным бізнэсам і трэцімі краінамі могуць самым сур'ёзным чынам паўплываць на разбуральныя працэсы, якія ўжо адбываюцца ў Беларусі.

Ні ў якім разе нельга здымаць санкцыі з беларускага калію, які з'яўляецца асноўным беларускім экспартным таварам, матывуючы гэта гіпатэтычным голадам у краінах Афрыкі. Голаду ў Афрыцы не будзе, досыць сусветных запасаў гэтага ўгнаення, а вось вайна супраць Польшчы ў выніку ўмацавання прарасейскага марыянетачнага рэжыму ў Менску стане цалкам магчымай. Думаю, варта нагадаць, што напярэдадні поўнамаштабнай вайны Украіна ставіла рэкорды ў гандлі з Беларуссю, закупляючы ў масавым парадку і нафтапрадукты з беларускіх НПЗ, і калійныя і азотныя ўгнаенні, хаця пасля 2020 года нам так патрэбна была ўкраінская салідарнасць, так важна было не фінансаваць гэты тэрарыстычны рэжым. У выніку монстр, які насыціўся ў тым ліку украінскімі рэсурсамі, напаў і гэта прывяло да велізарных чалавечых ахвяр.

Апроч санкцый, якія неабходна ўзмацняць, важна, на мой погляд, падтрымліваць беларускія незалежныя медыі і праваабарончыя арганізацыі. Данясенне незалежнай інфармацыі да беларусаў унутры краіны і падтрымка палітычных зняволеных з'яўляюцца найважнейшымі кірункамі працы для беларускіх дэмакратычных сіл. Польшча даўно з'яўляецца хабам і сховішчам для беларускіх незалежных медый, бо блізкасць да Беларусі дазваляе найбольш эфектыўна весці працу. І сайт "Хартыя-97", галоўнай рэдактаркай якога я з'яўляюся, заўсёды быў і будзе ўдзячны Польшчы за магчымасць свабодна працаваць для сваёй краіны. Мы заўсёды будзем удзячныя за дапамогу, якую нам надае польскі ўрад і фонды, аднак надзвычай важна гэтую дапамогу не скарачаць, а павялічваць, бо значэнне працы незалежных беларускіх журналістаў вялікае. Беларускае грамадства знаходзіцца пад такім прэсам злачыннай пуцінскай і лукашэнкаўскай прапаганды, што свабоднае незалежнае слова проста неабходнае для захавання людзьмі яснага розуму і разумення перспектывы будучыні, якая ў Беларусі, безумоўна, павінна быць еўрапейскай.

Я веру, што Беларусь стане вольнай. І прашу вас, дарагія польскія сябры, верыць разам са мною. Не адварочвайцеся ад беларусаў. Наш шлях не просты, але я перакананая, што, як і палякі, мы даможамся сваёй мэты - жыць у свабоднай і незалежнай краіне. Нам толькі патрэбная салідарнасць, тая самая знакамітая на ўвесь свет Польская Салідарнасць, якая заўсёды была для нас прыкладам. Гэта тое, на чым стаім, гэта наша агульная апора, наша агульная справа (nasza rzecz pospolita).

Наталля Радзіна, галоўная рэдактар сайта Charter97.org

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках