8 лiстапада 2024, Пятніца, 2:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сігналы і знакі

4
Сігналы і знакі

Не мітусіся пад кліентам, дзядзька.

І тры дні таму, і тыдзень, і два тыдні таму я дакладна ведала, што сёння буду пісаць пра Паліну Шарэнду-Панасюк. Толькі я думала, што буду пісаць зусім пра іншае. Пра яе выхад на волю (хай і вельмі спрэчную). Пра сустрэчу з блізкімі. Пра першы шпацыр не ў шыхце, не ў цэх, не ў штрафны ізалятар, а па вуліцах роднага Берасця - куды вочы глядзяць, без усялякай мэты. Пра першы сеанс відэасувязі з мужам і дзецьмі. Пра яе смеласць. На жаль, ад усяго пералічанага засталася толькі адвага.

Паліну не выпусцілі трэці раз запар. Толькі ўявіце сабе, як гэта: тройчы чакаць вызвалення, бо тэрмін заканчваецца, усё «ад званка да званка», без усялякіх умоўнасцяў і спадзяванняў на амністыю, і тройчы не выходзіць, а замест дома адпраўляцца этапам у СІЗА, каб атрымаць чарговы тэрмін. Чалавек лічыць дні, раздае рэчы астатнім, але тут па яго прыходзяць: «З рэчамі на этап!» Я спрабую гэта сабе ўявіць і не магу. Фантазіі не стае.

Затое ў тых, хто каторы год прыдумляе новыя варыянты здзекаў з палітвязняў, з фантазіяй усё ў парадку і нават празмерна. Калі раней Паліну везлі ў следчы ізалятар за месяц-два да дня вызвалення, то гэтым разам яны прыдумалі асабліва выдасканаленае катаванне. 2 траўня ў Рэчыцы правялі суд аб усталяванні прэвентыўнага нагляду. Гэта азначала, што Паліну выпускаюць і загадзя складаюць спіс праваабмежаванняў: увечары з дому не выходзіць, з горада не выязджаць, прыходзіць адзначацца, адчыняць дзверы па першым званку і гэтак далей. Больш за тое, да яе мамы прыязджалі сілавікі: тое-сёе, агляд жылога памяшкання, ці згодны вы прыняць вызваленую з месцаў пазбаўлення волі дачку, улічваючы прэвентыўны нагляд. Гэта азначала, што сумневаў больш не застаецца, Паліну вызваляюць.

21 траўня сваякі Паліны ўжо а шостай раніцы дзяжурылі каля калоніі. Чакалі. Праз некалькі гадзін стала ясна, што яна не выйдзе. Мама Паліны пайшла ў начальніцкія кабінеты, дзе ёй з нявінным выглядам паведамілі, што яшчэ пазаўчора зняволеную Шарэнду-Панасюк кудысьці павезлі, але куды - яны не ведаюць. Ага, не ведаюць. Проста прыехалі нейкія людзі і павезлі - без усялякіх папер, без апазнавальных знакаў, выпадковыя мінакі.

І тады родныя Паліны рванулі ў Гомель, адразу ў следчы ізалятар. Яны ўжо ўсё зразумелі. Ведама, менавіта там Паліна і знайшлася. Зноў следча-арыштаваная. Блізкія імгненна пабеглі ў краму, каб сабраць перадачу, але ў іх не прынялі. Сказалі, што ўжо а восьмай раніцы невядомы добразычлівец перадаў ёй роўна 30 кілаграмаў - дазволеную на месяц норму - і што больш ёй нічога не належыць. Я ўспомніла, як мінулым разам, калі Паліну прывезлі ў следчы ізалятар, каб дадаць ёй чарговы тэрмін, з яе сям'ёй абышліся сапраўды гэтак жа: нягоднікі перадалі ёй 30-кілаграмовы мяшок бітых яблыкаў. «Там, напэўна, зноў бітыя яблыкі?» - спытала я мужа Паліны Андрэя Шарэнду. «Якія там яблыкі ў траўні, - з горыччу адказаў Андрэй. – Хутчэй ужо леташняя гнілая бульбачка…»

Але ж крымінальную справу паводле 411-га артыкула за дзень не злепіш. Патрэбны рапарты, запісаныя паказанні сведак-вертухаяў, процьма папяровага гломазду. Гэта значыць, што вырадкі ўсё рабілі адначасова: і суд аб прэвентыўным наглядзе вялі, і да мамы Паліны з сур'ёзным выглядам прыязджалі, і новую крымінальную справу рыхтавалі. Навошта, пытаецца? Каб забіць. Забіць хаця б маральна. Прымусіць яе адчуць сябе не проста зняволенай, а цацкай у іх руках, якая гойдаецца на дзяржаўнай ялінцы папяровым анёлам: захочуць - знімуць і ў скрынку пакладуць, захочуць - пакамечаць і ў смецце, захочуць - пакінуць вісець.

Нават калі стала вядома, што Паліна не проста не выйшла, а знайшлася ў следчым ізалятары, я не магла ў гэта паверыць і шукала нейкія падказкі, сігналы, знакі нават у прапагандысцкіх памыйніцах. Не асуджайце, але я прымусіла сябе паглядзець Азаронка. Ён з асалодай абмяркоўваў новую крымінальную справу Паліны разам з нейкім пыльным дзядзькам. Ім было весела. І пыльны дзядзька казаў: усё правільна зрабілі нашы дарагія сілавікі, нельга было выпускаць з турмы Шарэнду-Панасюк, а то ўцякла б за мяжу і расказала там пра катаванні.

Не мітусіся пад кліентам, дзядзька. Паліна яшчэ раскажа, будзь упэўнены.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках