Расейскі кампазітар Курляндскі адмовіўся ад «Залатой маскі» праз вайну ва Украіне
5- 26.06.2024, 18:35
- 22,616
Ён назваў прэмію «грымасай сістэмы, якая знішчае тэатр і чалавечыя жыцці».
Кампазітар Дзмітрый Курляндскі, які атрымаў сёлета «Залатую маску» за найлепшую працу кампазітара, пастанавіў адмовіцца ад узнагароды на фоне вайны Расеі ва Украіне і дзеянняў пуцінскага рэжыму ўнутры краіны, а таксама справы ў дачыненні да стваральнікаў спектакля – лаўрэата «Залатой маскі» «Фініст – ясны сокал». Пра гэта ён напісаў у сваім Facebook.
«Вядома, прыняць гэтую "Маску" я не магу. Гэта персанальная намінацыя, таму я маю права выказаць сваё персанальнае меркаванне: асабіста для мяне сёння "Маска" стала грымасай сістэмы, якая знішчае тэатр, а за ім і чалавечыя жыцці», – заявіў ён.
Курляндскі дадаў, што ў краіне і ў тэатральнай супольнасці «мноства выдатных людзей, якія літаральна пастаўленыя да сценкі, але яны прадаўжаюць служыць праўдзе і гонару».
Сваю ўзнагароду кампазітар атрымаў за спектакль пермскага «Тэатра-Тэатра» «Кацярына Ізмайлава» (аўтар і рэжысёр – Барыс Мільграм, п'еса напісаная паводле нарысу Мікалая Ляскова «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета»). Прэм'ера пастаноўкі адбылася ў кастрычніку 2022-га.
Курляндскі адзначыў, што скончыў працу над музыкай да спектакля роўна за месяц да пачатку вайны РФ ва Украіне. Навіна пра прысуджэнне «Маскі» для яго стала «вестачкай з іншага, назаўжды страчанага жыцця», адзначыў кампазітар. Ён сказаў, што бачыў пастаноўку толькі ў запісе.
Для кампазітара гэта другая «Залатая маска» – першую яму прысудзілі ў 2021 годзе за оперу «Актавія. Трэпанацыя» Электратэатра Станіслаўскага, музычным кіраўніком якога ён з'яўляўся.
Курляндскі нарадзіўся ў Маскве ў 1976 годзе. Цяпер у ягоным Facebook гаворыцца, што ён жыве ў Парыжы.