25 снежня 2024, Серада, 10:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

3 ліпеня войскі Рэчы Паспалітай вызвалілі Менск ад маскоўскіх акупантаў

7
3 ліпеня войскі Рэчы Паспалітай вызвалілі Менск ад маскоўскіх акупантаў

Што насамрэч адбылося ў гэты дзень у гісторыі?

3 ліпеня ў Беларусі на афіцыйным узроўні адзначаюць «Дзень незалежнасці».

Дзяржсвята прымеркаванае да дня вызвалення Менска ад нацыстаў падчас Другой Сусветнай вайны. Аднак, пакапаўшыся ў гісторыі, можна даведацца, што 400 гадоў таму ў гэты дзень таксама вызвалялі Менск ад акупантаў - маскоўскіх.

3 ліпеня 1655 года

Ішоў другі год вайны паміж Маскоўскім царствам і Вялікім Княствам Літоўскім. Расейскі цар Аляксей Міхайлавіч за вясну-лета-восень меў намер ліквідаваць Вялікае Княства Літоўскае, цалкам захапіўшы беларускую тэрыторыю. Супрацьстаяў яму вялікі гетман Януш Радзівіл. Ваенную кампанію 1655 года Радзівіл пачаў са спробы вярнуць пад кантроль Магілёў, але пацярпеўшы няўдачу, быў вымушаны адступіць на захад.

Вайну 1654 - 1667 гадоў называюць часам Трынаццацігадовай, а ў расейскай гістарыяграфіі яна згадваецца без асаблівай назвы, проста расейска-польская вайна. Аднак, праходзіла яна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і найбольш пацярпелі ад яе менавіта літвіны, нашы продкі.

Агулам у 1655 годзе войска Вялікага Княства было няздольнае стрымліваць непрыяцеля, нешматлікія і дэмаралізаваныя сілы Януша Радзівіла супрацьстаялі велізарнаму і добра ўзброенаму расейскаму войску. Папярэдні 1654 год стаўся вельмі цяжкім для вялікага гетмана літоўскага, яго вайсковыя сілы былі разбітыя ў бітве пад Шапялевічамі, а сам Януш быў цяжка паранены і ледзь выратаваўся.

За некалькі зімовых месяцаў перапынку ў ваенных дзеяннях войска ВКЛ не змагло аднавіцца, амаль палова тэрыторыі Княства была пад Маскоўскай акупацыяй, эканоміка падарваная, а ад палякаў дапамогі чакаць не даводзілася - летам 1655 года на Польшчу напала Швэцыя. Маскоўскае войска ўпэўнена рухалася на захад, і да канца чэрвеня 1655 года наблізілася да Менска.

Чуткі аб маскоўскіх заваёўніках і іх норавах значна апярэджвалі авангард расейскага войска. Ведаючы аб надыходзячым праціўніку, а таксама аб рабаваннях, забойствах і разбурэннях, якія ішлі разам з захопнікамі, большасць менчукоў пакінула горад і ўцякала далей на захад.

Пра гэта даносілі і выведнікі расейскага ваяводы Багдана Хітрова, які разам з украінскімі казакамі пад камандаваннем Івана Залатарэнкі быў гатовы ўзяць Менск без бою.

Якое ж было іх здзіўленне, калі 3 ліпеня 1655 года за 5 км ад Менска палкі Хітрова сустрэлі ўзброеную менскую шляхту, гатовую абараняць свой горад. Бой, відавочна, быў няроўны, і маскоўцы прарваліся да Менска. У замку і храмах пакінутыя гараджане таксама адчайна ваявалі, але супраціў быў зламаны.

Захопнікі, якія ўвайшлі ў горад, выявілі, што людзей унутры сапраўды вельмі мала, застаўся тут толькі «войт Івашка Жыдовіч з таварышы паўтараста чалавек». Астатнія жыхары альбо ўцяклі, альбо сышлі партызаніць у лясы.

Заняўшы Менск, усходнія акупанты пачалі рабаваць і разбураць навакольныя гарады, забяспечваючы сабе такім чынам надзейны тыл. Так, напрыклад, казакі Залатарэнкі «мястэчка Койданаў узялі, і якія…былі ў тым мястэчку польскія і літоўскія людзі, і тых усіх людзей пасеклі і тое мястэчка і пасады ўсё выпалілі».

Акурат неўзабаве да Менска падышло цэнтральнае маскоўскае войска пад камандаваннем набліжанага да цара баярына Якава Чаркаскага. Маскавіты рыхтаваліся рушыць далей, на Вільню.

Пад маскоўскай акупацыяй

У цара Аляксея Міхайлавіча былі грандыёзныя планы, таму 12 ліпеня 1655 года ў войска Чаркаскага паступіў загад рухацца далей «да Вільні і да Аршавы». Для ўтрымання Менска быў пакінуты толькі невялікі гарнізон у падпарадкаванні ваяводы Фёдара Арсеньева, які выконваў абавязкі каменданта горада. Зрэшты, ахоўваць тут асабліва не было чаго — Менск быў разбураны і спалены, людзей у ім амаль не было.

Паводле паведамленняў саміх маскоўскіх ваяводаў, ужо ў 1656 годзе Менскі павет быў «увесь пусты і выпалены», сяляне разбегліся хто куды, каб не памерці з голаду. Аб стане спраў у Менску ў 1656 году пісаў таксама дасланы з Масквы праваслаўны поп Іван у лісце да цара Аляксея Міхайлавіча. Поп прасіў грошай у свайго гасудара і заадно скардзіўся, што з

ім у горадзе засталіся толькі тры роты салдат, ды і тыя - «усе татары ды мардва, - рускага нічога не ведаюць».

Часткай акупацыйнай палітыкі маскоўскай дзяржавы была практыка «ўзяцця палону». Сялян, гараджан ды шляхту, якая адмовілася прысягнуць рускаму цару, з Вялікага Княства Літоўскага адводзілі цэлымі сем'ямі на ўсход і за капейкі прадавалі ў якасці таннай рабскай сілы. Гэта акалічнасць ды і агулам бесперапынныя рабаванні і бясчынствы, голад прымушалі сялян і мяшчан сыходзіць у лясы, хавацца і партызаніць.

Такі незалежны партызанскі супраціў дзейнічаў па ўсёй акупаванай Беларусі. Цягам вайны супраць маскоўскіх акупацыйных уладаў змагаліся атрады пад кіраўніцтвам мазырскага суддзі Самуэля Аскеркі, казака Івана Нячая. Былі свае атрады і ў Менскім павеце.

Партызанскім рухам у Менскім, Ашмянскім і Навагрудскім паветах камандаваў Дзяніс Мурашка, які раней служыў сотнікам ва ўкраінскага казацкага атамана Івана Залатарэнкі, але з часам адкрыта перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. «Мурашкаўцы» нападалі на маёнткі літвінскіх шляхцічаў, якія прысягнулі маскоўскаму цару, ставілі засады на дарогах, замінаючы вывозіць на ўсход зерне.

Гэтыя ўзброеныя атрады беднаты літвінскія шляхціцы і расейскія ваяводы грэбліва звалі «шышамі». Фёдар Арсеньеў, камендант Менска, некалькі разоў пасылаў супраць «шышаў» рэгулярнае маскоўскае войска, партызан хапалі і кідалі ў турму ў Менску, шматлікіх павесілі.

Але спыніць масавы народны супраціў было немагчыма, сялянскі анты-маскоўскі рух толькі набіраў абароты, а з 1659 года стаў паўсюдным і ахапіў усю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага.

Голад, рабаванні і вайсковыя бясчынствы сталі прычынай масавай смяротнасці. Ва ўспамінах мясцовых шляхціцаў і ў данясеннях, якія ішлі ў царскую канцылярыю, згадваецца, што трупы людзей і жывёлін проста валяліся ўздоўж дарог і не было каму іх хаваць. Ад голаду людзі елі дохлых катоў і сабак.

Праз усё гэта ў 1656-1657 гадах здарылася страшная эпідэмія, якая больш за ўсё зачапіла Менскае і Берасцейскае ваяводства. Шмат людзей памерла ў самім Менску, не засцярогся ад заразы нават маскоўскі ваявода Фёдар Арсеньеў.

Эпідэмія была такой страшнай і смяротнай, што маскоўскі баярын Васіль Шарамецьеў у лісце да ковенскага земскага суддзі папярэджвае яго ні ў якім разе не набліжацца да Менска і ні з кім з менскага гарнізона не сустракацца.

Такім чынам за гады маскоўскай акупацыі Менск і яго наваколле ператварыліся ў разрабаваны край, дзе панавалі голад і смерць.

3 ліпеня 1660 года

Вызваленне беларускіх земляў пачалося пасля разгрому маскоўскіх войскаў у бітве пад Палонкай 28 чэрвеня 1660 года. Тады войскам камандавалі вялікі гетман літоўскі Павел Сапега (Януш Радзівіл памёр у 1655 годзе, як мяркуецца, быў атручаны) і ваявода ад Польскай Кароны Стэфан Чарнецкі.

Аб'яднанае польска-літвінскае войска налічвала ў суме амаль 13 тысяч чалавек. У бітве пад Палонкай ім супрацьстаялі 20 тысяч маскавітаў пад кіраўніцтвам Івана Хаванскага. Гэта была бліскучая перамога, якая змяніла ход самай крывавай у гісторыі Беларусі вайны. Яшчэ доўгія 7 гадоў спатрэбілася, каб выгнаць з беларускіх земляў расейскіх акупантаў, але пачатак быў пакладзены.

Вёсачка Палонка размешчаная ўсяго за шэсць кіламетраў ад Абуз-Лясноўскага агульнавайсковага палігона, які ў апошнія гады часта ўжываецца для супольных аператыўна-стратэгічных вучэнняў Беларусі і Расеі.

3 ліпеня 1660 года, роўна праз 5 год пад маскоўскай акупацыяй, Менск быў вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У якім стане маскоўцы пакінулі Меншчыну, сведчаць дакументы варшаўскага сейму 1661 года.

Калі большая частка тэрыторыі Беларусі была ўжо вызваленая, у Варшаве сабралася пасяджэнне, каб разгледзець эканамічныя пытанні і вызначыць суму падаткаў для кожнага ваяводства і павета. Але, як высветлілася, падаткі плаціць не было каму і няма з чаго — уся Беларусь была спаленая, людзі забітыя ці выведзеныя ў палон на ўсход. Дакументы лаканічна сведчаць: Менскае ваяводства — усё вынішчанае

Пасля вызвалення Менска ад маскоўскага войска паступова сюды сталі вяртацца жыхары, манахі пачалі аднаўляць манастыры і храмы - павольна, але горад паўставаў з руін. У 1667 годзе Менск налічваў 300 двароў, хаця да вайны тут пражывала амаль 7 тысяч чалавек.

У тым жа 1667 годзе Менск стаў часткай першага ў ВКЛ міжнароднага паштовага маршруту Вільня - Менск - Магілёў - Смаленск - Масква. Гэта садзейнічала аднаўленню і развіццю горада. Але страты Менска ад маскоўскага войска былі такія вялікія, што даваеннай колькасці насельніцтва ледзь удалося дасягнуць толькі да канца 18 стагоддзя.

Атрымліваецца, што дата 3 ліпеня сапраўды мае для Менска важнае значэнне, з якога боку ні паглядзі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках