Rolls-Royce будзе будаваць малыя модульныя АЭС у Чэхіі
10- 19.09.2024, 20:11
- 4,086
Звычайна яны маюць магутнасць 300 МВт ці менш.
Брытанская аэракасмічная і абаронная група Rolls-Royce SMR перамагла ў конкурсе на распрацоўку і будаўніцтва малых модульных рэактараў (ММР) у Чэхіі. Пра гэта ідзе размова на сайце кампаніі.
Rolls-Royce абышла шэсць іншых канкурэнтаў, якія прэтэндавалі на пагадненне з дзяржаўнай кампаніяй ČEZ Group.
«Гэтае важнае стратэгічнае партнёрства яшчэ больш умацоўвае пазіцыі Rolls-Royce SMR як асноўнай еўрапейскай кампаніі ў галіне тэхналогій малых модульных рэактараў», – пракаментаваў гендырэктар Rolls-Royce SMR Крыс Чолертан.
Перамовы пра канчатковае ўзгадненні кантрактных умоваў яшчэ прадаўжаюцца. Пагадненне падлягае ўзгадненню рэгулятарнымі органамі. Ягоныя падрабязнасці Rolls-Royce паабяцаў абнародаваць падчас падпісання.
Financial Times са спасылкай на крыніцы піша, што ўгода можа прынесці мільярды фунтаў стэрлінгаў на экспартныя замовы для брытанскай прамысловасці.
Першы рэактар плануецца пабудаваць паблізу паўднёвачэшскай атамнай электрастанцыі Тэмелін, і, хутчэй за ўсё, ён будзе пабудаваны ў сярэдзіне 2030-х гадоў.
Малагабарытная модульная канструкцыя рэактара Rolls-Royce, якая валодае магутнасцю генерацыі 470 МВт, даволі вялікая для гэтага тыпу. Звычайна яны маюць магутнасць 300 МВт ці менш.
Паводле звестак міжурадавага Агенцтва ядзернай энэргіі, цяпер у эксплуатацыі знаходзяцца толькі тры падобныя праекты. Яны размешчаныя ў Кітаі і Расеі, а ў Японіі ёсць выпрабавальны рэактар.
Пагадненне Rolls-Royce з чэшскім урадам можа стаць важнай праверкай таго, ці здольная гэтая тэхналогія апраўдаць чаканні.
Rolls-Royce – адна з пяці кампаній, якія да гэтага часу ўдзельнічаюць у дзяржаўным конкурсе на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва малых модульных рэактараў у Вялікай Брытаніі. Rolls-Royce канкуруе з GE-Hitachi, Holtec, Nu-Scale і Westinghouse Electric.
Французская дзяржаўная энэргетычная група EDF таксама была ў спісе, але ў пачатку гэтага года выйшла з конкурсу, каб прадаўжаць распрацоўку праекту Nuward.