25 снежня 2024, Серада, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Агнешка Холанд удастоеная «Залатых ільвоў» кінафестывалю ў Гдыні за фільм «Зялёная мяжа»

Агнешка Холанд удастоеная «Залатых ільвоў» кінафестывалю ў Гдыні за фільм «Зялёная мяжа»
АГНЕШКА ХОЛАНД

Ад яе імя ўзнагароду атрымаў прадусар.

Гран-пры XLIX фестывалю польскага кіно ў Гдыні - «Залатыя львы» - 28 верасня ўвечары быў прысуджаны рэжысёрцы Агнешцы Холанд за фільм «Зялёная мяжа». Узнагарода ўручалася падчас гала-канцэрта ў Музычным тэатры ў Гдыні. Але Холанд не прысутнічала на цырымоніі, «Залатых ільвоў» атрымаў ад яе імя прадусар Марцін Вежхаслаўскі, паведамляе «Польскае радыё».

«Зялёная мяжа» - гэта гісторыя псіхолага, якая пераязджае ў Падляшскае ваяводства і становіцца міжвольнай сведкай і ўдзельніцай драматычных падзей на польска-беларускай мяжы. Яна далучаецца да групы актывістаў, якія дапамагаюць бежанцам, што разбіваюць лагеры ў лясах зоны надзвычайнага становішча. Стваральнікаў фільма натхнілі рэальныя выпадкі бежанцаў, якія нелегальна спрабавалі пераадолець польскую мяжу.

Нагадаем, што ў верасні 2023 года тагачасны міністр юстыцыі і генпракурор Польшчы Збігнеў Зёбра раскрытыкаваў фільм Агнешкі Холанд, параўнаўшы яго з нацысцкай прапагандай. Каментар быў зроблены за дзень да прэм'еры стужкі на Венецыянскім кінафестывалі.

У заяве ў адказ Холанд, чые сваякі сталі ахвярамі Халакосту, указала на тое, што міністр пракаментаваў фільм, не паглядзеўшы яго, назваўшы яго словы паклёпам і «пагарджальнымі». Яна ўказала на абразлівасць такіх параўнанняў, улічваючы гісторыю Польшчы і яе ўласнай сям'і. На думку рэжысёркі, праблема міграцыі ў Польшчы падавалася аднабока і выключна з пункту гледжання прапаганды тагачаснага прававога ўрада.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках