ЕЗ гатовы да спынення транзіту газу з РФ праз Украіну
1- 1.01.2025, 12:33
- 2,054
Еўрапейская інфраструктура дастаткова гнуткая, каб газ з трэціх краін паступаў па альтэрнатыўных маршрутах.
Еўразвяз гатовы да спынення транзіту расейскага газу праз Украіну. Пра гэта заявіла прадстаўніца Еўракамісіі (ЕК), якую ў панядзелак, 30 снежня, працытавала агенцтва dpa, паведамляе "Нямецкая хваля".
З ейных слоў, еўрапейская інфраструктура - дастаткова гнуткая, каб газ з трэціх краін паступаў па альтэрнатыўных маршрутах у Цэнтральную і Усходнюю Еўропу. "Уплыў спынення транзіту праз Украіну на забеспячэнне бяспекі паставак ЕЗ абмежаваны", – запэўнівае яна.
Імпарт ЗПГ і аднаўляльныя крыніцы энэргіі
У ЕК заявілі, што працавалі ў каардынацыі з краінамі-сябрамі еўрапейскай супольнасці ўжо больш за год, каб падрыхтавацца да альтэрнатыўных схемаў. Газавая інфраструктура Еўропы ўмацавалася дзякуючы значным магутнасцям па імпарце звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ), дадалі там.
У апошнія гады захады па павышэнні энэргаэфектыўнасці і пашырэнні выкарыстання аднаўляльных крыніц энэргіі таксама ўзмацнілі надзейнасць газазабеспячэння, заявілі ў Еўракамісіі далей.