The Times: Жаўнераў КНДР выкарыстоўваюць як жывыя мінашукальнікі на фронце
3- 10.01.2025, 12:03
- 5,282
Яны проста ідуць у адзін шэраг шчыльным ланцугом і падрываюцца.
Паўночнакарэйскія жаўнеры, якія ваююць у Курскай вобласці супраць украінскіх сіл, выкарыстоўваюць стратэгію «мясарубкі». Пра гэта распавёў The Times вайсковец з 33-га асобнага штурмавога батальёна з пазыўным «Леапард», апісваючы сутыкненне з паўночнакарэйскімі войскамі ў блізкім баі ў вёсцы Махноўцы.
З яго слоў, паўночнакарэйцы выкарыстоўваюць людзей замест сапёрных машын.
«Яны проста ідуць у адзін шэраг, у трох-чатырох метрах адзін ад аднаго, калі адзін падрываецца, то санітары ідуць ззаду і забіраюць загінулых, а натоўп працягвае ісці адзін за адным. Так яны праходзяць праз мінныя палі», - распавёў «Леапард».
З яго слоў, падчас бітвы за сяло жаўнераў КНДР змяшалі з расейцамі ў адным падраздзяленні, каб паспрабаваць схаваць іх ідэнтычнасць, аднак яны апынуліся ў нявыгадным становішчы, бо выкарыстоўваюць толькі стралковую зброю, кулямёты, гранатамёты, максімум мінамёты.
Баец адзначыў, што жаўнеры КНДР пакуль не выкарыстоўваюць беспілотнікаў.
«Але я падазраю, што яны пачынаюць вучыцца гэтаму, і чым даўжэй зацягваецца вайна, тым большая імавернасць таго, што яны будуць укараняць інавацыі», - падкрэсліў ён.
Пры гэтым, хаця жаўнеры КНДР добра навучаны і фізічна падрыхтаваны, ім неабходна прызначыць праваднікоў, якія дапамогуць ім арыентавацца на чужой мясцовасці і ў незнаёмым клімаце, кажа «Леапард».
Яго батальён змог захапіць аднаго з расейскіх камандзіраў, але паўночнакарэйцы адмаўляюцца здавацца ў палон жывымі, аддаючы перавагу ваяваць да смерці або спрабаваць уцячы.
Пры гэтым іх камандзіры, відавочна, не занепакоеныя гібеллю сваіх людзей, адзначае ўкраінскі баец.
Пасля таго як паўночнакарэйскія войскі былі выбітыя з вёскі, яны паспрабавалі схавацца ў лесе, аднак УСУ знайшлі іх з дапамогай беспілотніка, а затым закідалі гранатамі.
«Учора я бачыў чатырох паўночнакарэйцаў, забітых усяго за 15 хвілін, а за апошнія два дні я налічыў 120 забітых», - сказаў «Леапард».