10 студзеня 2025, Пятніца, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Два нашыя Міколы

4
Два нашыя Міколы
Ірына Халіп
Фота: «Наша Ніва»

Яны выжывуць і вернуцца.

Лікі, халерныя лікі. Круглыя даты, квадратныя, ромбападобныя і паралелепіпедныя - мы заўсёды ва ўладзе лікаў. Кожны дзень - дата. Часам няважная, часам сусветнага значэння, часам страшная. Мы скаваныя лікамі, як ланцугамі. Яны не дазваляюць забыцца пра тое, што адбываецца з нашымі героямі, нават калі вельмі хочацца хоць на дзень адключыцца ад усяго і ўяўляць, быццам усё добра і бесклапотна.

Учора ўдарыла молатам чарговая жахлівая лічба: 700 дзён поўнай ізаляцыі Мікалая Статкевіча. 700 дзён. Яшчэ месяц - і будзе роўна два гады, 730 дзён. Два гады адсутнасці ўсялякай сувязі са светам. А за дзень да страшна-круглай даты, 7 студзеня, - дзень нараджэння іншага Мікалая. Аўтуховіча. Гэта ягоны пяты дзень нараджэння ў турме ў цяперашнюю адсідку і трынаццаты турэмны - за ўсё жыццё. Гэта значыць, увогуле Аўтуховіч за кратамі правёў ужо трынаццаць гадоў. Статкевіч - больш за дзесяць.

Я добра памятаю, як упершыню ў жыцці ўбачыла Мікалая Статкевіча. Была вясна 1995 года, Лукашэнка рыхтаваўся да свайго першага рэферэндуму. У сакавіку ў «Народнай газеце», якая тады была парламенцкім выданнем, з'явіўся ліст, падпісаны нейкім Здзіславам Вальняровічам з Гарадзенскай вобласці і адрасаваны Лукашэнку. Аўтар папярэджваў: калі вы, Лукашэнка, праведзяце рэферэндум, то вам давядзецца «перасягнуць і праз маю кроў, праз кроў сотняў, тысяч, мільёнаў такіх, як я».

Лукашэнка ашалеў. Ён назваў ліст «фальшыўкай, вырабленай за даляры», і даручыў сілавікам знайсці аўтара. А заадно падпісаў указ аб звальненьні галоўнага рэдактара газэты Іосіфа Сярэдзіча. Сілавікі шукалі-шукалі - ды не знайшлі. Паведамілі, што грамадзянін Вальняровіч у Гарадзенскай вобласці не пражывае. А праз некалькі дзён Іосіф Сярэдзіч правёў прэс-канферэнцыю і прадставіў журналістам аўтара таго ліста. «Здзіслаў Вальняровіч» - гэта быў псеўданім. Аўтара звалі Рэгінай Зімніцкай, гэта была маладая выкладчыца фізкультуры. Калі яна зразумела, якую рэакцыю выклікала публікацыя, то даведалася хатні адрас Сярэдзіча і проста прыйшла да яго дадому. Хацела папрасіць прабачэння, што праз яе галоўны рэдактар пазбавіўся працы, але ён прапанаваў разам правесці прэс-канферэнцыю.

Сітуацыя была вельмі небяспечнай для Рэгіны. Усе сілавыя структуры шукалі нейкага Вальняровіча і нават не падумалі, што гэта можа быць псеўданім. Дзяўчына выпадкова выставіла сілавікоў ідыётамі - і гэта акрамя таго, што раз'юшыла Лукашэнку. І раптам падчас прэс-канферэнцыі на трыбуну падняўся малады прыгажун з афіцэрскай выпраўкай і сказаў: «Мяне клічуць Мікола Статкевіч, я з БЗВ (Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. – Заўв.аўт.), і мы, афіцэры, гатовыя забяспечыць ахову і Рэгіны Зімніцкай , і Іосіфа Сярэдзіча». Ужо тады ўсе прысутныя на прэс-канферэнцыі зразумелі, што перад намі - неардынарная асоба і будучы лідар.

А з Мікалаем Аўтуховічам мы пазнаёміліся ў прамежку паміж ягоным першым і другім зняволеннем. Памятаю, як мы шпацыравалі па Менску, і Мікалай казаў: «Вы ўсе занятыя нечым дзіўным. Трэба дзейнічаць інакш. Вашыя заклікі, артыкулы, мітынгі нічому іх не навучаць». І як, пыталася я, іх, па-твойму, можна навучыць? Аўтуховіч з уласцівай яму вайсковай шчырасцю казаў: «Усё вельмі проста. Памятаеш, амапавец ударыў па твары Святлану Завадскую? Ёй адмовілі ў распачынанні крымінальнай справы. Значыць, задача беларусаў - знайсці таго амапаўца і самім выразна растлумачыць яму, што жанчын біць нельга. Растлумачыш па-простаму раз-другі-трэці - і ўсе яны зразумеюць, і стануць думаць, перш чым дубінку падняць. Мы самі павінны ўстанаўліваць законнасць у сваёй краіне».

Тады ён акурат вызваліўся, адседзеўшы тры гады. Неўзабаве яго зноў арыштавалі і пасадзілі ўжо на пяць гадоў. Цяпер - на дваццаць пяць. Падчас кожнага арушту Мікалай працягваў супраціўляцца адзіным даступным зняволенаму спосабам - галадоўкамі. Ягоны рэкорд - 94 дні. Я не ведаю, як ён выжыў тады. Але ведаю, што выжыве і зараз.

Два Міколы. Два нашыя Міколы. Абодва - узор таго, якім павінен быць вайсковец беларускага войска: сумленным, адважным, справядлівым. Два адчайных ваяры - з рознымі поглядамі, рознымі метадамі супраціву, рознымі дарогамі барацьбы. Яны зусім розныя, але падобныя ў галоўным: абодва Міколы ахвяравалі і працягваюць ахвяраваць сабой, не спакусіўшыся выгодай, камфортам, дабрабытам, партфелямі няісных кабінетаў і пухнатымі шкурамі незабітых мядзведзяў. Яны ахвяруюць сабой выключна дзеля нашай свабоды і нашай краіны. Дзеля нас з вамі.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках