10 студзеня 2025, Пятніца, 18:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Ёсць прычына штодзённых істэрык Лукашэнкі

5
Наталля Радзіна: Ёсць прычына штодзённых істэрык Лукашэнкі
Наталля Радзіна

Абсалютная большасць беларусаў ненавідзіць дыктатара.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў амерыканскаму падкастэру Лексу Фрыдману пра размову з Лукашэнкам у першыя дні вайны. Беларускі дыктатар прасіў ва ўкраінскага прэзідэнта прабачэння і казаў, што не ведаў пра напад, які рыхтуецца.

«Лукашэнка - хлус і маніпулятар. Ягонай задачай было заклікаць украінцаў капітуляваць перад Расеяй», - мяркуе галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна. Пра гэта яна расказала ў вялікім інтэрв'ю YouTube-каналу вядомага журналіста Яўгена Кісялёва.

Наталля Радзіна пачала размову з таго, што падзякавала прэзідэнту Украіны за падтрымку беларусаў у навагоднім звароце:

- Зяленскі выказаў упэўненасць, што мая краіна, Беларусь, будзе свабоднай і дэмакратычнай. У ягонай прамове прагучаў наш патрыятычны лозунг «Жыве Беларусь!» Гэта натхніла і падтрымала беларусаў. Мы вельмі ўдзячныя прэзідэнту Украіны за гэты крок.

Што да ягоных слоў наконт паводзін Лукашэнкі ў першыя дні поўнамаштабнага наступу на Украіну, то я веру прэзідэнту Зяленскаму. Веру, што Лукашэнка мог яму тэлефанаваць і прасіць прабачэння, казаць, што «гэта ўсё Пуцін».

Лукашэнка - хлус і маніпулятар. Яго задачай было заклікаць украінцаў капітуляваць перад Расеяй. Вы памятаеце, ён прапаноўваў украінскай дэлегацыі прыязджаць у Беларусь, казаў, што бессэнсоўна супраціўляцца, што расейскае войска абавязкова пераможа ў гэтай вайне. Украінская дэлегацыя прыязджала ў Гомельскую вобласць, але ніхто не капітуляваў. Украінцы хутка з'ехалі і працягнулі мужна супраціўляцца расейскай агрэсіі.

Мяркую, гэты факт меў месца, але нельга ўспрымаць Лукашэнку як ахвяру. Ён добра ведаў, што будзе вайна. Успомнім, колькі сустрэч паміж Пуціным і Лукашэнкам адбылося напярэдадні. Яны сустракаліся практычна штомесяц пасля 2020 году. Лукашэнка ездзіў у Маскву, Пуцін прыязджаў у Менск. Дыктатар добра ведаў, што будзе напад на тэрыторыю Украіны.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org нагадвае, што напярэдадні вайны Лукашэнка і чыноўнікі рэжыму свядома і мэтанакіравана ўводзілі ўкраінцаў у зман:

- У Беларусі праходзілі беларуска-расейскія вучэнні. На тэрыторыі краіны знаходзілася блізу 30 тысяч вайскоўцаў. І тады Уладзімір Макей, былы міністр замежных спраў Беларусі, казаў, што «вайскоўцы будуць выведзеныя». Міністр абароны Хрэнін, як мы ведаем, тэлефанаваў міністру абароны Украіны Рэзнікаву і запэўніваў, што ніякага нападу не будзе.

Таму Лукашэнка хлусіў, калі казаў, што нічога не ведаў. Ён не кантраляваў сітуацыю, але калі б быў супраць, што яму перашкаджала папярэдзіць Украіну загадзя? Што яму перашкаджала публічна заявіць пратэст супраць выкарыстання беларускай тэрыторыі расейскімі войскамі? Замест гэтага ён гучна падтрымлівае Расею. Заяўляе, што ён хаўруснік Пуціна. З паветранай прасторы Беларусі на ўкраінскую тэрыторыю ляцелі сотні ракет. І цяпер праз беларускую паветраную прастору ляцяць ракеты і «Шахеды». На ўсіх беларускіх палігонах навучаліся расейскія мабілізаваныя, улады аддалі значную сваю зброю Расеі, беларускі ВПК працуе на расейскую вайну супраць Украіны. Якія яшчэ довады патрэбныя, што Лукашэнка — суагрэсар і павінен панесці немінучую адказнасць.

Таксама Наталля Радзіна звярнула ўвагу, што Лукашэнка прапаноўваў Зяленскаму «ўдарыць па Мазырскім НПЗ». Беларуская журналістка мяркуе, што гэта маніпуляцыя:

- Лукашэнка не думаў, што будуць крокі ў адказ з боку Украіны. Але ў мяне ўзнікла пытанне: а чаму не білі? Добра, не па НПЗ, па вайсковых аб'ектах. Па аэрадромах, па палігонах. Бо Украіна мела права наносіць удары па ваенных аб'ектах, з якіх была ўчыненая агрэсія. Можа, калі б гэта было зроблена, не было б Бучы, Барадзянкі, Ірпеня. Бо расейскае войска было б пазбаўленае вайсковай, паліўнай і харчовай падтрымкі.

Я ўвесь час чую ад украінскіх чыноўнікаў, што яны не хацелі эскалацыі. Што немагчыма было весці вайну на некалькі франтоў. Мне падаецца, што калі ўжо сам дыктатар просіць, дык не варта яму адмаўляць. Тым больш што ўкраінцы мелі на гэта права.

Яўген Кісялёў выказаў меркаванне, што наносіць УСУ ўдары па Беларусі маглі забараніць амерыканцы. Наталля Радзіна мяркуе, што Захад мусіў дзейнічаць больш смела:

— Калі Лукашэнка нічога не вызначае, то амерыканцы маглі папярэдзіць Расею, што ў выпадку нападу з Беларусі будзе ракетны ўдар па вайсковых аб'ектах на беларускай тэрыторыі. Думаю, гэта працверазіла б усіх. А калі ідуць «нясцерпныя дыскусіі», вядома ж, дыктатары смялеюць і ідуць у наступ, пакуль увесь дэмакратычны свет «жуе смаркачы».

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org заклікае не называць фарс, які адбудзецца 26 студзеня, «выбарамі»:

- Ніякіях выбараў у Беларусі няма. Тое, што будзе 26 студзеня, гэта проста благі спектакль, які нікога не пераканае ў тым, што за Лукашэнку нехта сапраўды прагаласаваў. Абсалютная большасць беларусаў Лукашэнку ненавідзіць і не прымае.

З 2020 года, калі мы ўбачылі, што больш за мільён беларусаў выйшлі ў сваіх гарадах на плошчы, колькасць прыхільнікаў Лукашэнкі не павялічылася, а толькі зменшылася. Мы ведаем, што рэпрэсіі, пагрозы ядзернымі ракетамі і штодзённыя істэрыкі, якія працягваюцца, звязаныя са страхам. Ён жа разумее, што яго ніхто не падтрымлівае. І гэтыя так званыя выбары нічога не мяняюць у дачыненнях Лукашэнкі з астатнім светам. Яго і далей будуць успрымаць як парыю, як дыктатара, які захапіў уладу ўзброеным шляхам, як пуцінскую марыянетку, якая ўтрымліваецца ва ўладзе толькі дзякуючы падтрымцы з боку Крамля.

Перамены ў Беларусі непазбежныя. І для гэтага не трэба чакаць пяць гадоў пасля прэзідэнцкіх «выбараў». Цяпер я чую ад экспэртаў прагнозы на тэму, «што ж адбудзецца ў найбліжэйшыя пяць гадоў пасля «выбараў». Спыніце ўжо вы думаць гэтымі пяцігодкамі, гэтае савецкае рудыментарнае мысленне. Няма ў Лукашэнкі гэтых пяці год. У кожны момант могуць адбыцца змены. Рэжым Асада абрынуўся за 12 дзён. Хто гэта мог прадказаць?

Ці можа Пуцін замяніць Лукашэнку? Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што не варта рабіць доўгатэрміновыя прагнозы ў дачыненні да пуцінскай Расеі, бо яе чакаюць сур'ёзныя праблемы:

- Я не веру ў стабільнасць рэжыму Пуціна, не кажучы пра рэжым Лукашэнкі. Я не веру ні ў якія перамовы, не веру ў Трампа, які стане пасярэднікам і спыніць вайну. Упэўнена, што спробы Трампа памірыць Пуціна з Зяленскім будуць няўдалымі. Супраць Расеі трэба будзе выкарыстоўваць цвёрдыя прылады ціску. Украіне трэба будзе дапамагаць зброяй і фінансава, а да тых санкцый, якія ўведзеныя супраць Расеі, трэба будзе дадаваць новыя. Пазбаўляць Расею нафтавых даходаў. Толькі так можна спыніць вайну.

Як яны будуць пазбаўляць Пуціна нафтавых даходаў? Інструментаў вельмі шмат. Санкцыі супраць ценявога флоту, якія пачалі ўводзіць, зніжэнне цаны нафты, перамовы ці эканамічная вайна з Кітаем і Індыяй, якія сёння ратуюць пуцінскую эканоміку і фінансуюць вайну Расеі супраць Украіны. Іншага выйсця няма. Абрушыцца рэжым Пуціна ў Расеі, абрынецца і рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. Але не трэба чакаць, пакуль усё прагніе ў Крамлі.

Будзе як напярэдадні распаду Савецкага Саюза ў 88-89 гадах. Калі СССР перастаў умешвацца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў, пачаліся змены ў краінах сацыялістычнага лагера.

Ці зменіцца палітыка ЗША ў дачыненні да Беларусі падчас прэзідэнцтва Трампа? Наталля Радзіна назвала прынцыпы, на якіх яна павінна грунтавацца:

- Самае галоўнае, каб яны падтрымалі Украіну і разумелі, што Беларусь - асобная дзяржава, якая павінна стаць суверэннай і незалежнай. Лёс Беларусі сёння залежыць ад развіцця гэтай вайны, якая доўжыцца ўжо 11 гадоў.

Не ўсё сёння ў ЗША залежыць ад Трампа. Не трэба так на яго маліцца і нечага чакаць. Зараз усе былі шакаваныя ягонай прэс-канферэнцыяй. Мы проста недаацэньваем сістэму стрымак і проціваг, якая існуе ў ЗША. Не адзін Трамп будзе вызначаць, што будзе далей у дачыненні да Украіны і Расеі.

Тут я пагаджуся з Віталём Портнікавым, я слухала ягоны эфір на тэлеканале «Прямой». Ён сказаў, што сёння трэба не хваліць Трампа, не казаць яму пастаянныя кампліменты, што ён «усё мудра развяжа», а арганізоўваць ціск на яго. З боку дэмакратаў, з боку рэспубліканцаў, бо не ўсе яны трампісты. Гэта самае важнае сёння. Трамп, як Пуцін і Лукашэнка, разумее толькі мову сілы. Гэтую сілу і трэба супраць яго прымяняць. Казаць, што здрада Украіне стане здрадай Еўропе і прывядзе да новай сусветнай вайны, у якой ЗША не адсядзяцца, як не адсядзеліся падчас Першай і Другой сусветных войнаў.

Паглядзім у справах, як ён будзе дзейнічаць. А дзейнічаць яму давядзецца ў рамках амерыканскай дэмакратычнай сістэмы. У дачыненні да Расеі ж Трампу давядзецца дзейнічаць жорстка, каб выглядаць пераможцам.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках