ДАІ папярэдзіла кіроўцаў аб пераходзе «на мінус»
1- 11.01.2025, 10:46
- 1,360
Якія тры чыннікі ўскладняць абстаноўку на дарогах Беларусі ў выходныя?
ДАІ Віцебскай вобласці папярэдзіла кіроўцаў аб пераходзе “на мінус” у суботу, 11 студзеня. Неспрыяльныя варункі надвор'я, паводле прагнозаў сіноптыкаў, у гэтыя выходныя могуць дадаць праблем на дарогах па ўсёй Беларусі. У МУС назвалі тры асноўныя чыннікі небяспекі, якія ў найбліжэйшыя дні варта ўлічваць беларускім кірорўцам і далі парады, як пазбегнуць непрыемнасцей у дарозе.
Так, кіроўцаў у Віцебскай вобласці інспектары папярэдзілі, што тэмпература, якая апошнія дні вагалася блізу нуля, у ноч на 11 студзеня пяройдзе ў мінусавыя значэнні. Гэты пераход "на мінус" пагражае ўтварэннем галалёдзіцы.
"На слізкай дарозе павялічваецца тармазны шлях, падвышаецца небяспека блакавання колаў пры тармажэнні, што можа прывесці да некіравальнага заносу", — папярэдзілі ў ДАІ Віцебшчыны.
У такіх умовах кіроўцаў заклікалі да “абачлівасці і выключнай плаўна рухацца”, параілі прытрымлівацца бяспечнай хуткасці і пазбягаць “усялякіх рэзкіх манеўраў”, асабліва на наступных адцінках дарог:
на пешаходных пераходах,
скрыжаваннях,
закругленнях дарог,
спусках.
Аналагічныя рэкамендацыі агучылі ў сталічнай ДАІ. Там дадаткова параілі кіроўцам выконваць бяспечную дыстанцыю да транспарту, які ідзе наперадзе, і неабходны бакавы інтэрвал.
У МУС, у сваю чаргу, назвалі тры галоўныя чыннікі небяспекі, якія абяцае непагадзь у гэтыя выходныя кіроўцам ва ўсёй краіне:
ападкі ў выглядзе дажджу з мокрым снегам, якія могуць суправаджацца парывістым ветрам,
туманы,
галалёдзіца.
У ведамстве нагадалі кіроўцам аб недапушчальнасці эксплуатацыі транспартнага сродку на летняй "гуме" або з зімовымі шынамі з крытычным зносам пратэктара.
Паводле дзейных правілаў рэшткавая вышыня выявы пратэктара павінна быць не менш за 4 мм. У адваротным выпадку кіроўцам пагражае папярэджанне або штраф да 1 базавай адзінкі паводле ч. 2 арт. 18.11 КоАП Беларусі (што эквівалентна 42 рублям зараз). Паўторнае парушэнне на працягу года павялічвае максімальную суму штрафу да 5 базавых адзінак (гэта значыць да 210 рублёў).
У МУС таксама заклікалі кіроўцаў да «стрыманага тыпу кіравання» і далі параду ў руху ва ўмовах недастатковай бачнасці, напрыклад, у густым тумане:
уключыць блізкае святло фар,
павялічыць дыстанцыю да транспартных сродкаў, якія наперадзе,
не выкарыстоўваць далёкае святло, паколькі яно стварае шчыльную светлавую заслону перад аўто, якое можа асляпіць кіроўцу.
Прагноз сіноптыкаў на выходныя
Згодна з аператыўным прагнозам Белгідрамета, у гэтыя выходныя надвор'е ў Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклону, які перамяшчаецца з краін Балтыі і паступова страчвае актыўнасць. Гэта дасць беларусам воблачнае надвор'е з невялікімі ападкамі ў многіх раёнах краіны (у асноўным у выглядзе мокрага снегу). Сіноптыкі таксама папярэдзілі аб парывістым ветры, які будзе садзейнічаць утварэнню галалёдзіцы. Тэмпература чакаецца наступная:
у суботу, 11 студзеня - уначы да -4..+1°С, удзень у дыяпазоне -2..+2°С;
у нядзелю, 12 студзеня - ноччу да -1..-6°С, удзень у дыяпазоне -4..+1°С.