Bloomberg: Прэм'ер Брытаніі едзе ва Украіну для абмеркавання размяшчэння міратворчых сіл
4- 11.01.2025, 14:15
- 1,536
Гэта стане першым візітам палітыка ў Кіеў.
Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер плануе ў «найбліжэйшыя тыдні» наведаць Украіну, каб абмеркаваць магчымасць размяшчэння міжнародных міратворчых сіл у выпадку дасягнення пагаднення аб спыненні агню. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дасведчаную крыніцу. Са слоў суразмоўцы агенцтва, візіт Стармера адбудзецца на фоне падрыхтоўкі Еўропы да вяртання Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы з хаўруснікамі на авіябазе Рамштайн у Нямеччыне згадваў аб запланаваным візіце брытанскага прэм'ер-міністра, аднак дакладныя тэрміны паездкі не ўдакладняліся. Bloomberg адзначае, што гэта стане першым візітам Сармера ва Украіну з моманту яго прызначэння на пасаду кіраўніка ўрада.
Напярэдадні Стармер правёў перамовы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам у сваёй загараднай рэзідэнцыі ў Чэкерсе. Згодна з заявай офіса прэм'ер-міністра, бакі пацвердзілі «непахісную падтрымку» Украіны і падкрэслілі неабходнасць забеспячэння моцнай пазіцыі Кіева ў 2025 годзе. Крыніцы Bloomberg паведамляюць, што лідары таксама абмеркавалі магчымасць размяшчэння супольных міратворчых сіл ва Украіне. Гэтая ініцыятыва будзе залежаць ад дасягнення мірнай дамовы паміж Кіевам і Масквой, аднак Уладзімір Пуцін пакуль не праяўляе гатоўнасці да перамоў, адзначае агенцтва.
Падчас 25-га пасяджэння Кантактнай групы па Украіне на базе Рамштайн у Нямеччыне Уладзімір Зяленскі заявіў, што размяшчэнне замежных міратворчых сіл ва Украіне магло б стаць «адным з найлепшых інструментаў» для прымусу Расеі да міру. «Давайце будзем практычнымі, каб зрабіць гэта магчымым. Мы пачулі сігналы з Вялікай Брытаніі, якія пацвярджаюць падтрымку гэтай ініцыятывы», - падкрэсліў Зяленскі. Ён таксама нагадаў аб прапанове Францыі па размяшчэнні войскаў партнёраў ва Украіне, адзначыўшы, што такі захад паскорыць дасягненне міру.