«Тактыка расейцаў вельмі змянілася»
5- 11.01.2025, 14:54
- 7,092
Ва УСУ распавялі аб становішчы ў Курскай вобласці.
Расейскае акупацыйнае войска працягвае ажыццяўляць інтэнсіўныя штурмавыя дзеянні ў Курскай вобласці. Для наступу на пазіцыі ўкраінскіх брыгад вораг выкарыстоўвае сотні людзей і тэхніку.
Таксама пуцінскія войскі актыўна бамбуюць Куршчыну кіраванымі авіябомбамі. Пра гэта паведамілі воіны Дэсантна-штурмавых войскаў УСУ.
Са слоў камандзіра 80-й асобнай дэсантна-штурмавой Галіцкай брыгады ДШУ УС Украіны Ягора Наздракова, у Крамлі паставілі задачу акупантам выцесніць украінскае войска з тэрыторыі Курскай вобласці да канца студзеня. Каб выканаць жаданні свайго дыктатара, камандаванне РФ адпраўляе ў штурмы яшчэ больш гарматнага мяса.
«Цяпер тактыка расейцаў на Куршчыне вельмі змянілася. Яны нагналі сюды сваё мяса і праводзяць штурмавыя дзеянні вялікай колькасцю людзей. Проста валяць ардой, як у часы Другой сусветнай, па 20-30 чалавек», - распавёў украінскі дэсантнік.
У сваю чаргу ўкраінскія воіны стрымліваюць расейскіх захопнікаў артылерыйскім агнём і FPV-дронамі. Акрамя таго, часта адбываецца блізкі бой, бо расейцы заходзяць у пасадкі і ўжо там даводзіцца ўступаць у бой пяхоце і штурмавікам. У сувязі з гэтым на сёння ўкраінскія абаронцы імкнуцца павялічыць колькасць кулямётных засад.
Таксама вельмі эфектыўным сродкам для стрымлівання варожых штурмаў выступаюць артылерыйскія набоі з касетнымі суббоепрыпасамі. Дзякуючы высокай эфектыўнасці ўсяго некалькі артылерыйскіх гармат знішчаюць групы расейскай пяхоты па 20-30 чалавек.
«Самая вялікая складанасць для нашых войскаў – перавага ў чалавечым рэсурсе супраціўніка. Але вораг не шануе гэты рэсурс і не лічыцца са сваімі стратамі. Проста пасылаюць людзей на мяса без канкрэтнай мэты, без пастаноўкі нармальнай задачы», – адзначае камбат.