«Пры куплі зможаце «паздзекавацца» з прадаўцоў»
- 11.01.2025, 18:46
- 3,830
Экспэрт даў прагноз па сітуацыі на рынку нерухомасці ў 2025 годзе.
Чаго ў 2025 годзе чакаць на рынку нерухомасці Беларусі, у тым ліку загараднай? Невялікі прагноз па гэтай тэме даў экспэрт партала Wikidom, піша «Зеркала».
На думку спецыяліста, прадаўцам жылой нерухомасці сёлета стане больш складана. Прычына - памяншэнне колькасці пакупнікоў і зніжэнне іх плацежаздольнасці.
Пры гэтым тыя, хто мае намер абмяняць сваю нерухомасць на іншую, будзе выступаць не толькі прадаўцом, але і пакупніком і зможа пагандлявацца, каб збіць цану.
- Калі вы самі станеце пакупнікамі, вы ўжо зможаце «пакпіць» з іншых прадаўцоў, - лічыць экспэрт.
А вось людзям, якія хацелі купіць жыллё і разлічвалі атрымаць для гэтага крэдыт у банку, стане больш складана ажыццявіць задуманае.
- Крэдыты стануць даражэйшымі і менш даступнымі. Але калі ў вас гатоўка, я віншую: вы зможаце больш упэўнена дыктаваць свае ўмовы прадаўцам, якія страцяць пакупнікоў з крэдытамі.
Які прагноз па загарадным жыллі?
Што тычыцца загараднага рынку, то, на думку экспэрта, сітуацыя па продажах там будзе падобная да той, што і летась. Аднак добрых прагнозаў для гэтага рынка экспэрт не бачыць.
— Магчыма, цікавейшая сітуацыя з продажам будзе з участкамі, бо іх не стае. Асобна будзе ісці элітная загарадная нерухомасць, асабліва пад Менскам. Але тамака свая сітуацыя, і на агульную карціну рынка гэта паўплывае мала, таму атрымаецца без сур'ёзных узлётаў.
Аналітык перакананы, што для тых, хто збіраецца купляць дом ці лецішча, будуць не самыя кепскія часы. Горш стане для таго, хто збіраўся на гэтым зарабляць.
- Цяпер укладваць грошы ў загарадную нерухомасць могуць толькі тыя, хто ў гэтым рынку разумее і добра разбіраецца ў лакацыях, сегментах. Але калі вы не належыце да такой катэгорыі, то ў 2025 годзе я б гэтага не рабіў.
Няма добрых прагнозаў і для забудоўшчыкаў - праз тое, што раней многія пакупнікі набывалі ў іх жыллё за крэдытныя грошы.
- Канкурэнцыя паміж забудоўшчыкамі ўзмацніцца. Калі ў кагосьці ёсць нейкія цікавыя фішкі, канцэпцыі - усё будзе не так ужо дрэнна. Але калі гэта нейкія роўныя простыя праекты і разлік быў на крэдыты, то тут нядобрая навіна. Такім ад банкаў проста нельга адыходзіць і дамаўляцца, усё для таго, каб партнёрскія праграмы выцягвалі продажы.