«Для Пуціна рыхтуецца пастка»
2- 12.01.2025, 10:29
- 13,752
У Трампа ёсць пазіцыя.
Палітычны эксперт Тарас Загародні ў эфіры Radio NV расказаў пра пастку, у якую можа патрапіць расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін у выпадку пачатку перамоваў:
– Наша задача і задача [прэзідэнта Уладзіміра] Зяленскага – зрабіць Пуціна вінаватым у тым, што ён не хоча ісці на патрабаванні [абранага прэзідэнта ЗША Дональда] Трампа. А далей сказаць: «Калі Пуцін не хоча [дамаўляцца], то давайце нам больш зброі, будзем развязваць гэтае пытанне, як яно павінна быць».
Зяленскі даваў інтэрв’ю [падкастару Лексу] Фрыдману, і там з цікавага, як яны хочуць зрабіць Пуціна вінаватым, гэта даволі працоўная схема. Як сказаў Зяленскі: Я хачу сустрэцца з Трампам, потым Трамп тэарэтычна сустракаецца з Пуціным, і недзе мы выходзім на супольную працу, умоўна кажучы, у прысутнасці Трампа сустракаемся з Пуціным.
Пастка для Пуціна ў тым, што ён не збіраецца сустракацца з Зяленскім. Чаму? Таму што Пуцін увогуле не збіраецца весці перамовы з Украінай. Ён хоча весці перамовы з ЗША пра пытанне Украіны.
У Трампа ж ёсць ягоная пазіцыя: ён жа хоча быць міратворцам. Калі я міратворац, значыць усе прыязджаюць да мяне (гэта можа быць у розным фармаце – нейкія канферэнцыі, ці нейкія саміты і г. д.), вы тут сядайце за стол перамоваў, і мы нешта вызначым. Але вось тут пастка для Пуціна, бо ён не збіраецца гэтага рабіць, і гэта вельмі добра для нас.
І, па-другое, ён жа нашу ўладу не ўважае за легітымную. Яны самі ўжо заблыталіся, з кім яны хочуць ісці на перамовы ў такім фармаце.
І трэцяе, Пуцін столькі нагаварыў пра Зяленскага, што ён не зможа нікому патлумачыць, калі, умоўна кажучы, заканчваецца вайна, [чаму] ён вёў перамовы з тым, каго колькі разоў называў… [Ён казаў], што Зяленскі «ўзначальвае неанацысцкую дзяржаву» і гэтак далей.
Таму тут дыпламатычная гульня павінна быць, але мы мусім разумець, што нішто так не падмацоўвае важкасць словаў украінскіх дыпламатаў, як удары па тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Таму мы павінны канцэнтравацца, колькі ў нас зброі і колькі ўдараў наносіцца ў той час, напрыклад, калі ідуць перамовы.
Бо амерыканцы абсалютна рэалістычныя людзі. Яны будуць заўсёды пытацца расейцаў: «А што вы можаце ўвогуле гарантаваць, што за вамі ёсць? З Сірыі вас вытварылі». А для расейцаў гэта вельмі балючы ўдар, таму што яны заўсёды гулялі пытаннямі Блізкага Усходу ў перамовах з амерыканцамі апошнія 70 гадоў. Цяпер няма такога вагара.
Далей скажуць: «Вось, глядзіце, кожны дзень па вас прылятаюць беспілотнікі». Вось толькі сёння [11 студзеня] дзюбнулі ўжо па Новарасійску, а гэта ж нафта. Далей вашых генералаў забіваюць у Маскве – [Ігара] Кірылава, якому СБУ далі пакатацца на самакаце.
Гэта таксама працуе на амерыканцаў, таму што яны спытаюць: «Пуцін, а што ты ўвогуле можаш гарантаваць? Ты не кантралюеш сітуацыю ў сябе ў краіне». І яшчэ ўкраінскія войскі знаходзяцца на тэрыторыі Расеі.
Гэта ўсё працуе ў сукупнасці. Не проста дайшлі, нешта пагутарылі, а з якімі картамі ты прыйшоў размаўляць, а што за табой ёсць. Ці ёсць за табой рэальная сіла, якая дазваляе рэалізоўваць твае пажаданні.